Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Расеі пусьцілі пад адхон цягнік з нафтапрадуктамі. Падарваны цеплавоз прыпісаны да гомельскага дэпо

абноўлена

Скрыншот зь месца аварыі, які разышоўся па сацыяльных сетках. Пушчаны пад ахон грузавы цягнік, Бранская вобласьць Расеі, 1 траўня 2023
Скрыншот зь месца аварыі, які разышоўся па сацыяльных сетках. Пушчаны пад ахон грузавы цягнік, Бранская вобласьць Расеі, 1 траўня 2023

Улады Бранскай вобласьці заяўляюць, што прычынай сыходу цягніка з рэек стала «ўмяшаньне староньніх асобаў». Інфармацыя пра стан здароўя лякаматыўнай брыкады ўдакладняецца.

Цягнік з 78 вагонамі, які перавозіў нафтапрадукты і піламатэрыялы, сышоў з рэек у Бранскай вобласьці. Пра гэта ў тэлеграме напісаў губэрнатар вобласьці Аляксандар Багамаз. Ён адзначыў, што спрацавала нявысьветленае выбуховае прыстасаваньне.

Здарэньне адбылося на 136-м кілямэтры перагону Бранск-Унеча. Пацярпелых, паводле афіцыйнай інфармацыі, няма.

На месцы аварыі — пажар, працуюць экстранныя службы. Рух на ўчастку прыпынены. Кіраўніцтва расейскай чыгункі назвала здарэньне «ўмяшаньнем староньніх асобаў».


Супольнасьць чыгуначнікаў удакладніла, што цеплавоз, падарваны на 136 кілямэтры перагону Унеча – Расуха, прыпісаны да ТЧ-8 Гомель Беларускай чыгункі, участак Гомель-Бранск абслугоўваецца сумесна лякаматывамі і лякаматыўнымі брыгадамі як расейскага, так і беларускага бакоў.

Пазьней Міністэрства транспарту РБ пацьвердзіла, што цягнік, які пусьцілі пад адхон у Расеі, быў сфармаваны ў Беларусі.

Паводле Мінтрансу, выбухоўка спрацавала за 50 м ад цягніка №2528, які накіроўваўся са станцыі Гомель на станцыю Бранск. У выніку выбуху сышлі з рэек 8 вагонаў. Лякаматыўная брыгада не пацярпела, – гаворыцца ў паведамленьні Мінтрансу.

Аднак адмыслоўцы, аналізуючы фота зь месца здарэньня, выказваюць асьцярогі наконт стану здароўя лякаматыўнай брыгады.

«Улічваючы пашкоджаньні цеплавоза, атрыманыя ў выніку выбуху, а таксама поўную адсутнасьць у кабіне машыніста якіх-небудзь траўмавыключальных тэхнічных рашэньняў, можна падвергнуць сумневу заявы расейскіх прадстаўнікоў улады аб адсутнасьці пацярпелых у выніку гэтага інцыдэнту», – паведамляе Супольнасьць чыгуначнікаў Беларусі.

На месцы здарэньня працуе пажарны цягнік Маскоўскай чыгункі. Таксама для аказаньня дапамогі паслалі аднаўленчы цягнік Гомель. На месца здарэньня выехалі прадстаўнікі Гомельскага аддзяленьня Беларускай чыгункі.

На паўднёвым захадзе Бранскай вобласьці ўлады ўвялі плян «Перахоп». Шукаюць двух мужчын, папярэдне датычных да здарэньня. Яны трапілі на камэры назіраньня паблізу месца выбуху, пішуць расейскім мэдыя.

Раней 1 траўня губэрнатар Ленінградзкай вобласьці Аляксандар Дразьдзенка паведаміў аб падрыве апоры ЛЭП у рэгіёне.

  • Бранская вобласьць мяжуе з Украінай, ад горада Унеча да ўкраінскай мяжы прыкладна 50 кілямэтраў. Пасьля пачатку паўнамаштабнага расейскага ўварваньня ва Ўкраіну летась некалькі разоў паведамлялася аб выбуховых прыладах, якія спрацавалі на чыгуначных шляхах у вобласьці. У прыватнасьці, у кастрычніку летась выбух здарыўся на перагоне паміж станцыямі Навазыбкаў і Злынка. Пацярпелых не было, Украіна афіцыйна ня брала на сябе адказнасьць за здарэньні, якія адбываюцца і ў іншых прымежных рэгіёнах Расеі. Адказнасьць за частку зь іх бяруць групы, якія называюць сябе партызанамі, іх удзельнікі выступаюць супраць вайны.
  • Расейскія спэцслужбы пасьля пачатку вайны неаднаразова абвяшчалі пра затрыманьне падазраваных у падрыхтоўцы дывэрсій на чыгунках. У паведамленьнях ФСБ рэгулярна фігуруюць нібыта «ўкраінскія куратары», на заданьне якіх падазраваныя нібыта рыхтавалі выбухі на чыгунках. У сярэдзіне красавіка «Мэдыязона» падлічыла, што па справах аб дывэрсіях на чыгунках у Расеі затрымалі больш за 65 чалавек, кожны трэці зь іх – непаўнанадовы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG