Больш за 300 замежных журналістаў, якія ў розны час працавалі ў Маскве, апублікавалі адкрыты ліст у адрас міністра замежных спраў Расеі Сяргея Лаўрова з заклікам зьняць абвінавачаньні ў шпіянажы з арыштаванага ў Расеі карэспандэнта The Wall Street Journal Эвана Гершковіча і неадкладна вызваліць яго.
Ліст падпісаў 301 журналіст з 22 краін, многія зь якіх прапрацавалі ў Расеі доўгія гады. У іх ліку былыя супрацоўнікі The New York Times Эндру Крамэр, Біл Келер і Джон Кампфнэр, галоўны рэдактар The New Yorker Дэвід Рэмнік, Эдвард Лукас з Economist, карэспандэнты The Guardian Шон Уолкер і Люк Хардынг, карэспандэнт шэрагу брытанскіх газэт Том Парфіт, былы супрацоўнік Радыё Свабода Дэвід Сатэр і іншыя.
«Мы ўсе працавалі ў Расеі замежнымі карэспандэнтамі, нехта некалькі месяцаў, хтосьці дзесяцігодзьдзямі. Мы шакаваныя і ўзрушаныя арыштам нашага калегі Эвана Гершковіча і вылучанымі супраць яго абвінавачаньнямі.
Эван Гершковіч мае вялікі і ўражальны досьвед журналісцкай працы. Мы не сумняваемся, што адзінай мэтай яго працы было інфармаваньне чытачоў аб сучаснай рэчаіснасьці ў Расеі. Пошук інфармацыі, нават калі ён ідзе ў разрэз з палітычнымі інтарэсамі, ня робіць Эвана злачынцам ці шпіёнам, але робіць яго журналістам. Журналістыка не злачынства. Арышт Эвана Гершковіча пасылае трывожны і небясьпечны сігнал аб ігнараваньні Расеяй незалежных СМІ і дэманструе абыякавасьць да лёсу маладога, таленавітага і сумленнага журналіста»,— гаворыцца ў лісьце.
Карэспандэнт The Wall Street Journal Эван Гершковіч быў затрыманы ў Екацярынбурзе ў канцы сакавіка. Суд адправіў яго ў маскоўскае СІЗА. Расейскія ўлады заяўляюць, што журналіста затрымалі «з доказамі злачынства», не тлумачачы, што маецца на ўвазе. У ФСБ заявілі, што Гершковіч нібыта зьбіраў сакрэтныя зьвесткі аб адным з прадпрыемстваў расейскага вайскова-прамысловага комплексу. Журналіст настойвае на сваёй невінаватасьці. Падрабязнасьці справы невядомыя.
Гэта першы выпадак арышту амэрыканскага журналіста ў Расеі па абвінавачаньні ў шпіянажы з часоў халоднай вайны. Улады ЗША, міжнародныя журналісцкія выданьні і расейскія незалежныя журналісты раней заклікалі вызваліць Гершковіча.
Дзярждэпартамэнт ЗША аб’явіў журналіста The Wall Street Journal (WSJ) Эвана Гершковіча, арыштаванага ў Расеі па абвінавачаньні ў шпіянажы, «неправамерна затрыманым». Гэта дае падставу Дзярждэпартамэнту дзейнічаць у інтарэсах вызваленьня грамадзяніна ЗША, піша Associated Press.
«Дзяржаўны сакратар Энтані Блінкен вынес рашэньне, што Эван Гершковіч зьяўляецца неправамерна затрыманым Расеяй. Журналістыка не злачынства. Мы асуджаем рэпрэсіі Крамля, якія працягваюцца, супраць незалежных галасоў у Расеі і яго бесьперапынную вайну супраць праўды», — гаворыцца ў заяве замежнапалітычнага ведамства ЗША.
Журналіст The Washington Post Джон Хадсан адзначыў у твітэры, што прызнаньне Гершковіча «неправамерна затрыманым» — фармальны крок, накіраваны на паскарэньне працы для яго вызваленьня.
Эван Гершковіч каля шасьці гадоў жыве ў Маскве, асьвятляючы падзеі ў Расеі і Ўкраіне для свайго выданьня.