Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міністар абароны Нямеччыны: Украіна можа стаць чальцом NATO толькі пасьля завяршэньня вайны


Міністры абароны ЗША — Лойд Остын і Ўкраіны — Аляксей Рэзьнікаў, амэрыканская авіябаза Рамштайн, Нямеччына, 21 красавіка 2023
Міністры абароны ЗША — Лойд Остын і Ўкраіны — Аляксей Рэзьнікаў, амэрыканская авіябаза Рамштайн, Нямеччына, 21 красавіка 2023

У Нямеччыне 21 красавіка праходзіць чарговая, 11-я па ліку сустрэча прадстаўнікоў краінаў, якія падтрымліваюць Украіну, у так званым фармаце «Рамштайн» — па назьве амэрыканскай вайсковай базы, дзе год таму прайшла першая такая сустрэча.

Перад пленарным пасяджэньнем адбыліся перамовы міністраў абароны Ўкраіны і ЗША Аляксея Рэзьнікава і Лойда Остына. Па словах Рэзьнікава, на сустрэчы будуць абмяркоўвацца як пастаўкі Ўкраіне зброі, так і стратэгія падтрымкі Ўкраіны да канца 2023 году.

Кіраўнік Пэнтагону, камэнтуючы сустрэчу, ізноў заявіў, што заходнія саюзьнікі будуць падтрымліваць Украіну «столькі, колькі спатрэбіцца».

У сустрэчы бярэ ўдзел генэральны сакратар NATO Енс Столтэнбэрг, які напярэдадні наведаў Кіеў. Па словах Столтэнбэрга, «усе чальцы Альянсу пагадзіліся, што Ўкраіна стане чальцом NATO». Генэральны сакратар Альянсу, аднак, ухіліўся ад адказу на пытаньне, ці будуць на Віленскім саміце NATO у ліпені зробленыя канкрэтныя крокі дзеля прыёму Ўкраіны, адзначыўшы, што зараз галоўны фокус — на дапамозе ёй у супрацьстаяньні з Расеяй.

Міністры абароны Нямеччыны — Борыс Пісторыюс і Ўкраіны — Аляксей Рэзьнікаў, амэрыканская авябаза Рамштайн, Нямеччына, 21 красавіка 2023
Міністры абароны Нямеччыны — Борыс Пісторыюс і Ўкраіны — Аляксей Рэзьнікаў, амэрыканская авябаза Рамштайн, Нямеччына, 21 красавіка 2023

Міністар абароны Нямеччыны Борыс Пісторыюс у інтэрвію нямецкай тэлекампаніі ZDF выказаўся больш пэўна. Паводле яго, дзьверы для Кіева ў Паўночнаатлянтычны альянс у апошні час «прачыніліся», аднак рашэньне аб уступленьні Ўкраіны ў NATO можа быць прынятае толькі пасьля завяршэньня вайны. Спачатку неабходна «адбіць напад» Расеі, і толькі потым, «у новы час, добра прадумаць гэты крок», сказаў кіраўнік нямецкага Мінабароны.

  • Тым часам мінулай ноччу па ўсёй тэрыторыі Ўкраіны была абвешчаная паветраная трывога ў сувязі з чарговым нападам расейскіх бесьпілётнікаў — галоўным чынам дронаў-камікадзэ «Шахед» іранскай вытворчасьці. У прыватнасьці, упершыню амаль за месяц быў учынены напад на Кіеў.
  • Як паведамілі гарадзкія ўлады, усе восем бесьпілётнікаў, накіраваныя на ўкраінскую сталіцу, былі зьбітыя. Паводле папярэдніх зьвестак, ахвяраў і разбурэньняў у выніку атакі няма.
  • У той жа час у Палтаўскай вобласьці ў выніку ўдару бесьпілётнікаў быў разбураны аб’ект цывільнай інфраструктуры ў раёне Палтавы.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG