Столтэнбэрга цытуе Sky News:
«Як я ўчора сказаў у Кіеве, будучыня Ўкраіны — у сям'і альянсу. Усе саюзнікі па NATO згодныя з тым, што Ўкраіна стане чальцом альянсу», — сказаў Столтэнбэрг журналістам перад пачаткам сустрэчы кантактнай групы па падтрымцы Украіны ў пятніцу на амэрыканскай авіябазе Рамштайн у Нямеччыне.
Ён дадаў, што зараз галоўную ўвагу краіны NATO удзяляюць забесьпячэньню перамогі Ўкраіны над Расеяй. Па словах Столтэнбэрга саюзьнікі па альянсе абмяркоўваюць пастаўкі Ўкраіне розных тыпаў самалётаў.
20 красавіка генэральны сакратар NATO Енс Столтэнбэрг пабываў у Кіеве, дзе правёў перамовы і сумесную прэс-канфэрэнцыю з прэзыдэнтам Украіны Ўладзімірам Зяленскім.
Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што ня бачыць ніякіх перашкод для фармальнага запрашэньня краіны ў NATO. Ён таксама падзякаваў за запрашэньне на саміт Альянсу, які адбудзецца ў Вільні, назваўшы яго гістарычным.
«Большасьць людзей у краінах NATO і большасьць украінцаў падтрымлівае ўступленьне нашай краіны ў Альянс, прыйшоў час рашэньняў», — сказаў украінскі лідэр.
Ён адзначыў, што Ўкраіне патрабуецца нешта большае, чым той фармат адносін, які ёсьць цяпер. Таксама Зяленскі падкрэсьліў, што Кіеў шануе падтрымку саюзьнікаў у выглядзе ўзбраеньняў, але хоча ведаць, калі Ўкраіна можа быць у NATO і якія гарантыі могуць ёй даць.
Енс Столтэнбэрг у сваю чаргу зазначыў, што бачыць месца Ўкраіны сярод чальцоў альянсу, але гэта адбудзецца не адразу.
«Дазвольце мне сказаць ясна: законнае месца Украіны — у эўраатлянтычнай сям’і. Законнае месца Ўкраіны — у NATO. І з часам наша падтрымка дапаможа вам зрабіць гэта магчымым», — сказаў Столтэнбэрг журналістам падчас сумеснай прэс-канфэрэнцыі з прэзыдэнтам Украіны Ўладзімірам Зяленскім у Кіеве.
Ён паабяцаў працягваць вайсковую падтрымку Ўкраіны, сказаўшы, што да гэтага часу саюзьнікі па NATO падрыхтавалі дзясяткі тысяч украінскіх вайскоўцаў і далі толькі вайсковай дапамогі на 65 мільярдаў эўра.
«NATO падтрымлівае вас сёньня, заўтра і столькі, колькі спатрэбіцца», — заявіў Столтэнбэрг перад тым, як запрасіць Зяленскага на саміт NATO ў Вільні ў ліпені.
Столтэнбэрг дадаў, што шлях да сяброўства ў NATO для Ўкраіны будзе абмяркоўвацца на саміце ў ліпені ў Вільні, куды запрошаны ўкраінскі лідар.
Летась у канцы верасьня прэзыдэнт Украіны Уладзімір Зяленскі аб’явіў, што Ўкраіна падае заяўку на ўступленьне ў NATO у паскораным парадку.
«Дэ-факта мы ўжо прайшлі свой шлях у NATO. Дэ-факта мы ўжо даказалі сумяшчальнасьць са стандартамі Паўночнаатлантычнага зьвязу. Яны рэальныя для Ўкраіны — рэальныя на полі бою і ва ўсіх аспэктах нашага ўзаемадзеяньня. Мы давяраем адзін аднаму, дапамагаем адзін аднаму, і мы абараняем адзін аднаго. Гэта і ёсьць Паўночнаатлантычны зьвяз», — сказаў тады Зяленскі.
Саюзьнікі па NATO разыходзяцца ў поглядах аб пэрспэктывах для Кіева. Столтэнбэрг раней казаў, што дзьверы для ўступленьня Кіева ў Альянс адчыненыя, але цяпер увага засяроджана на падтрымцы абароны Ўкраіны ад расейскага ўварваньня.
Саміт NATO адбудзецца 11-12 ліпеня ў Вільні. Сойм Літвы ў рэзалюцыі аб асноўных мэтах краіны на саміце NATO ўказваў, што Ўкраіну неабходна запрасіць стаць сябрам NATO на саміце Альянсу ў Вільні.