Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Столтэнбэрг у Кіеве заявіў, што паўнапраўнае месца Ўкраіны — у NATO, і запрасіў Зяленскага на саміт у Вільню


Ўладзімір Зяленскі і Енс Столтэнбэрг. Кіеў, 20 красавіка 2023
Ўладзімір Зяленскі і Енс Столтэнбэрг. Кіеў, 20 красавіка 2023

Генэральны сакратар NATO Енс Столтэнбэрг прыбыў у Кіеў, дзе правёў перамовы і сумесную прэс-канфэрэнцыю з прэзыдэнтам Украіны Ўладзімірам Зяленскім.

Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі на сумеснай прэс-канфэрэнцыі з Енсам Столтэнбэргам у Кіеве заявіў, што ня бачыць ніякіх перашкод для фармальнага запрашэньня краіны ў NATO. Ён таксама падзякаваў за запрашэньне на саміт Альянсу, які адбудзецца ў Вільні, назваўшы яго гістарычным.

«Большасьць людзей у краінах NATO і большасьць украінцаў падтрымлівае ўступленьне нашай краіны ў Альянс, прыйшоў час рашэньняў», — сказаў украінскі лідэр.

Ён адзначыў, што Ўкраіне патрабуецца нешта большае, чым той фармат адносін, які ёсьць зараз. Таксама Зяленскі падкрэсьліў, што Кіеў шануе падтрымку саюзьнікаў у выглядзе ўзбраеньняў, але хоча ведаць, калі Ўкраіна можа быць у NATO і якія гарантыі могуць ёй даць.

Енс Столтэнбэрг у Кіеве, 20 красавіка 2023
Енс Столтэнбэрг у Кіеве, 20 красавіка 2023

Енс Столтэнбэрг у сваю чаргу зазначыў, што бачыць месца Ўкраіны сярод чальцоў альянсу, але гэта адбудзецца не адразу.

«Дазвольце мне сказаць ясна: законнае месца Украіны — у эўраатлянтычнай сям’і. Законнае месца Ўкраіны — у NATO. І з часам наша падтрымка дапаможа вам зрабіць гэта магчымым», — сказаў Столтэнбэрг журналістам падчас сумеснай прэс-канфэрэнцыі з прэзыдэнтам Украіны Ўладзімірам Зяленскім у Кіеве.

Ён паабяцаў працягваць вайсковую падтрымку Ўкраіны, сказаўшы, што да гэтага часу саюзьнікі па NATO падрыхтавалі дзясяткі тысяч украінскіх вайскоўцаў і далі толькі вайсковай дапамогі на 65 мільярдаў эўра.

«NATO падтрымлівае вас сёньня, заўтра і столькі, колькі спатрэбіцца», — заявіў Столтэнбэрг перад тым, як запрасіць Зяленскага на саміт NATO ў Вільні ў ліпені.

Столтэнбэрг дадаў, што шлях да сяброўства ў NATO для Ўкраіны будзе абмяркоўвацца на саміце ў ліпені ў Вільні, куды запрошаны ўкраінскі лідар.

Перамовы Енса Столтэнбэрга і Ўладзіміра Зяленскага ў Кіеве, 20 красавіка 2023
Перамовы Енса Столтэнбэрга і Ўладзіміра Зяленскага ў Кіеве, 20 красавіка 2023

Летась у канцы верасьня прэзыдэнт Украіны Уладзімір Зяленскі аб’явіў, што Ўкраіна падае заяўку на ўступленьне ў NATO у паскораным парадку.

«Дэ-факта мы ўжо прайшлі свой шлях у NATO. Дэ-факта мы ўжо даказалі сумяшчальнасьць са стандартамі Паўночнаатлантычнага зьвязу. Яны рэальныя для Ўкраіны — рэальныя на полі бою і ва ўсіх аспэктах нашага ўзаемадзеяньня. Мы давяраем адзін аднаму, дапамагаем адзін аднаму, і мы абараняем адзін аднаго. Гэта і ёсьць Паўночнаатлантычны зьвяз», — сказаў тады Зяленскі.

Саюзьнікі па NATO разыходзяцца ў поглядах аб пэрспэктывах для Кіева. Столтэнбэрг раней казаў, што дзьверы для ўступленьня Кіева ў Альянс адчыненыя, але цяпер увага засяроджана на падтрымцы абароны Ўкраіны ад расейскага ўварваньня.

Саміт NATO адбудзецца 11-12 ліпеня ў Вільні. Сойм Літвы ў рэзалюцыі аб асноўных мэтах краіны на саміце NATO ўказваў, што Ўкраіну неабходна запрасіць стаць сябрам NATO на саміце Альянсу ў Вільні.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG