Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Паводле сакрэтных дакумэнтаў, Сэрбія пагадзілася паставіць Украіне зброю, у Бялградзе абвяргаюць


Прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін і прэзыдэнт Сэрбіі Аляксандар Вучыч. Бялград, студзень 2019
Прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін і прэзыдэнт Сэрбіі Аляксандар Вучыч. Бялград, студзень 2019

Бялград запэўнівае, што не пастаўляе зброю ніводнаму боку ў расейска-ўкраінскай вайне.

Журналісты выявілі ў масіве дакумэнтаў, якія, як мяркуецца, паходзілі з Пэнтагону, згадваньне аб тым, што Сэрбія, традыцыйная саюзьніца Расеі, нібыта пагадзілася паставіць зброю Ўкраіне ці нават ужо паставіла яе. Бялград запэўнівае, што не пастаўляе зброю ні таму, ні другому боку, піша BBC.

Як паведаміла 12 красавіка агенцтва Reuters, сярод дзясяткаў сакрэтных дакумэнтаў, якія трапілі ў інтэрнэт, яно знайшло табліцу, у якой 38 краін Эўропы, у тым ліку і Сэрбія, разьмеркаваныя па катэгорыях у залежнасьці ад іх стаўленьня да ваеннай дапамогі Ўкраіне.

Сэрбія, паводле дакумэнта, адмовілася трэнаваць украінскіх салдат, але затое абавязалася адправіць дапамогу ў выглядзе зброі ці боепрыпасаў ці ўжо адправіла яе. Акрамя таго, Сэрбія зьмешчаная ў катэгорыю краін, якія маюць палітычную волю і рэсурсы для таго, каб пастаўляць зброю Ўкраіне ў будучыні. Дакумэнт датаваны 2 сакавіка.


Міністар абароны Сэрбіі Мілаш Вучэвіч 12 красавіка заявіў, што ў дакумэнце няпраўда, і што нехта спрабуе такім чынам уцягнуць Сэрбію ў гэты канфлікт:

«Больш за дзясятак разоў мы абвяргалі гэтую хлусьню, і зробім гэта зноў. Сэрбія ня прадавала і ня будзе прадаваць зброю ні ўкраінскаму, ні расейскаму боку, а таксама дзяржавам, якія знаходзяцца па суседзтве з зонай канфлікту», — сказаў міністар абароны сэрбскаму агенцтву «Танюг».

Кіраўнік Мінабароны Сэрбіі пры гэтым ня выключыў, што сэрбская зброя магла трапіць у зону канфлікту, як ён выказаўся, «нейкім чароўным спосабам», аднак, паводле яго слоў, гэта ніяк не зьвязана з Сэрбіяй.

Мілаш Вучэвіч ужыў слова «прадаваць» — але ў дакумэнце з выцеку ня сказана, што Сэрбія менавіта прадала Ўкраіне зброю. Там сказана, што Сэрбія абавязалася адправіць «летальную дапамогу» Ўкраіне ці ўжо прадставіла яе, але ці быў гэта продаж, бязвыплатная перадача або які-небудзь іншы фармат, у ім не ўдакладняецца. Пра якую зброю ці боепрыпасы ідзе гаворка, таксама не сказана.

Reuters нагадвае, што месяц зь невялікім таму ў прарасейскім тэлеграм-канале зьявіліся дакумэнты, зь якіх вынікала, што Сэрбія адправіла Ўкраіне ракеты для рэактыўнай сыстэмы залпавага агню «Град».

Сэрбская дзяржаўная вайскова-прамысловая кампанія «Крушык», якая фігуравала ў дакумэнтах, заявіла, што не пастаўляла Ўкраіне ні ракеты, ні якую-небудзь іншую зброю, а прэзыдэнт Сэрбіі Аляксандар Вучыч назваў паведамленьне аб пастаўках ракет «нахабнай хлусьнёй» і заявіў, што Сэрбія не пастаўляе зброю ні Ўкраіне, ні Расеі.

Сэрбія імкнецца падтрымліваць традыцыйна сяброўскія адносіны з Расеяй і, у прыватнасьці, у адрозьненьне ад усіх астатніх эўрапейскіх краін, ня ўводзіць супраць яе санкцыі за разьвязваньне вайны супраць Украіны:

«Калі інфармацыя ў гэтым дакумэнце дакладная, то гэта паказвае або тое, што Вучыч двудушны ў яго адносінах з Расеяй, або што Вашынгтон вельмі моцна цісьне на яго, дамагаючыся паставак зброі Ўкраіне», — сказаў агенцтву Reuters экспэрт па палітыцы ва Ўсходняй Эўропе, супрацоўнік Джэймстаўнскага фонду Януш Бугайскі.

З дакумэнта, пра які піша агенцтва, вынікае, што, паводле ацэнкі Пэнтагона, амаль усе ўключаныя ў табліцу краіны Эўропы аказваюць Украіне ваенную дапамогу або гатовыя гэта рабіць. Не аказваюць дапамогі і не гатовыя да гэтага толькі Аўстрыя і Мальта.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG