Менскі завод грамадзянскай авіяцыі нумар 407 плянуе выпускаць камплектуючыя для расейскіх самалётаў Ту-214. Пра гэта паведаміў кіраўнік аддзяленьня амбасады Беларусі ў Казані Віктар Шчэцька.
Дарожную мапу на вытворчасьць зьбіраюцца падпісаць Менскі завод грамадзянскай авіяцыі нумар 407 і Казанскі авіяцыйны завод.
«Наш 407-й завод падпісвае дарожную мапу з Казанскім авіяцыйным заводам імя Тупалева на вытворчасьць камплектуючых для вытворчасьці самалётаў Ту-214. Да 2030 года гэты завод плянуе выйсьці на вытворчасьць 70 самалётаў Ту-214 у год. Адпаведна нашы заводы будуць дапамагаць вырабляць камплектацыі для гэтага завода. Мы будзем рабіць кампанэнты для вытворчасьці самалётаў на Казанскім авіяцыйным заводзе», — расказаў Шчэцька.
Беларусь зьбіраецца замясьціць тысячы камплектуючых для расейскіх самалётаў. У прыватнасьці, плянуецца вырабляць кампаненты для МС-21, Іл-76, Іл-78 і Ту-204. Паводле слоў амбасадара Беларусі ў Расеі Дзьмітрыя Крутога, Менск хоча хоча сфармаваць доўгатэрміновыя праграмы загрузкі 407-га завода і 558-га авіяцыйнага рамонтнага завода ў Баранавічах.
Антываенныя санкцыі Захаду ў галіне авіяцыі
- У канцы лютага 2022 года, пасьля пачатку маштабнай вайны паміж Расеяй і Украінай, ЗША, Эўразьвяз і іншыя краіны ўвялі абмежаваньні на палёты расейскіх авіякампаній.
- Эўразьвяз забараніў экспарт у Расею тавараў і тэхналёгій, якія выкарыстоўваюцца ў авіяцыйнай і касьмічнай галінах, а таксама забараніў страхаваньне і абслугоўваньне тавараў, зьвязаных з гэтымі галінамі.
- У сярэдзіне чэрвеня амбасадар КНР Чжан Ханьхуэй заявіў, што Кітай гатовы пастаўляць расейскім авіякампаніям авіязапчасткі.
- Праз месяц Расея падпісала зь Іранам пагадненьне аб пастаўках абсталяваньня і абслугоўваньня самалётаў.
- У канцы сьнежня 2022 года ўрад Расеі легалізаваў так званую «канібалізацію» самалётаў — дазволіў здымаць запчасткі з адных самалётаў для рамонту іншых.
- Расейскія ўлады таксама дазволілі ўсталёўваць на замежныя самалёты, якія засталіся ў Расеі, неарыгінальныя замежныя дэталі.