Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзярждума Расеі падчас вайны прыняла законапраект аб электронных позвах у ваенкаматы. Што гэта зьменіць?

абноўлена

Магілы расейскіх салдатаў. Анэскаваны Расеяй украінскі паўвостраў Крым. 2023
Магілы расейскіх салдатаў. Анэскаваны Расеяй украінскі паўвостраў Крым. 2023

Расейцам, якія атрымалі позвы ў вайсковы камісарыят, хочуць забараніць выезд з краіны. У Крамлі сцьвярджаюць, што папраўкі ў заканадаўства нібыта «ніяк не зьвязаныя з плянамі на мабілізацыю» і «ня выклічуць новай хвалі эміграцыі».

Дзярждума Расеі амаль аднагалосна (адзін дэпутат устрымаўся) прыняла законапраект аб электронных позвах у ваенкаматы.

Закон уступае ў сілу з дня публікаваньня. Перад тым ён павінен прайсьці слуханьні ў Савеце фэдэрацыі і трапіць на подпіс да прэзыдэнта. Гэта можа адбыцца за некалькі дзён. Закон зможа прымяняцца ўжо пры вясновым прызыве.

Прыняцьце закона аўтаматызуе рассылку пазоваў для ўсіх ваеннаабавязаных расейцаў – мужчын ад 18 да 60 гадоў, а таксама жанчын з пэўнымі ваенна-уліковымі спэцыяльнасцямі, напрыклад, мэдыкаў. Пазоў будзе лічыцца ўручаным на працягу сямі дзён з моманту яго выпіскі.

На грамадзян, якім «уручаная» позва, адразу ж накладаецца «забясьпечальная мера» – забарона на выезд з краіны. Калі расеец ухіляецца ад паходу ў ваенкамат, то яго правы абмяжоўваюцца яшчэ больш – яму забаронена атрымліваць крэдыты, а таксама распараджацца сваёй рухомай і нерухомай маёмасьцю.

Такім чынам у Расеі хочуць забараніць выезд за мяжу тым, хто атрымаў позву і не зьявіўся ў камісарыят. Такія папраўкі ў законы апублікавалі 11 красавіка ў базе заканадаўчай дзейнасьці Дзярждумы Расеі:

«Грамадзянам, якія падлягаюць прызыву на вайсковую службу і атрымалі позву вайсковага камісарыяту, з дня, калі ў адпаведнасьці з фэдэральным законам такая позва лічыцца ўручанай, забараняецца выезд з Расейскай Федэрацыі. Указанае абмежаваньне дзейнічае да выкананьня абавязку зьявіцца па позве ў вайсковы камісарыят», — гаворыцца ў законапраекце.

У Крамлі сцьвярджаюць, што папраўкі «ніяк не зьвязаныя з плянамі на мабілізацыю» і «ня выклічуць новай хвалі эміграцыі».

«Гэта зьвязана з вайсковым улікам. І гэта трэба разумець і тлумачыць», — сказаў прэс-сакратар прэзыдэнта Расеі Дзьмітрый Пяскоў.

Раней стала вядома, што позва аб прызыве будзе лічыцца атрыманай з моманту размяшчэньня яе электроннай копіі ў «асабістым кабінэце» на Дзяржпаслугах Расеі. Новаўвядзеньні ня будуць распаўсюджвацца на вясновы прызыў у Расеі, які працягваецца да 15 ліпеня. Аб гэтым заявіў кіраўнік камітэта Дзярждумы па абароне Андрэй Картапалаў, камэнтуючы новыя папраўкі.

Першая хваля мабілізацыя ў Расеі на вайну з Украінай, абвешчаная ў верасьні 2022 году, выклікала вялікую хвалю эміграцыі сярод маладых расейцаў прызыўнога веку, гаворка ідзе аб сотнях тысяч чалавек, якія пакінулі Расею, каб ня трапіць на вайну.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG