Лінкі ўнівэрсальнага доступу

CNN паведаміла, што Кіеў зьмяніў ваенныя пляны праз выцек дакумэнтаў Пэнтагону. У Кіеве адказалі

абноўлена

Украінскія вайскоўцы едуць на танку да пазыцый фронту пад Бахмутам, Украіна. 8 сакавіка 2023
Украінскія вайскоўцы едуць на танку да пазыцый фронту пад Бахмутам, Украіна. 8 сакавіка 2023

Ананімныя чыноўнікі Пэнтагону прызналіся прэсе, што дакумэнты могуць быць сапраўднымі.

Кіеў зьмяніў некаторыя свае ваенныя пляны з прычыны выцеку сакрэтных дакумэнтаў Пэнтагону. Пра гэта паведамляе тэлеканал CNN са спасылкай на крыніцу, блізкую да прэзыдэнта Ўкраіны Ўладзіміра Зяленскага.

Якія менавіта пляны былі зьмененыя, не ўдакладняецца, але адзначаецца, што выцек таксама заахвоціў Пэнтагон скараціць абарачэньне асабліва важных дакумэнтаў, якія ў звычайны час штодня даступныя сотням людзей ва ўрадзе.

Міністэрства абароны ЗША працягвае правяраць сапраўднасьць апублікаваных у інтэрнэце дакумэнтаў, «якія, як відаць, зьмяшчаюць сакрэтныя і асабліва сакрэтныя зьвесткі», каб ацаніць, які ўплыў гэтыя дакумэнты могуць аказаць на нацыянальную бясьпеку ЗША і іх саюзьнікаў і партнэраў, гаворыцца ў заяве намесьніка прэс-сакратаркі Пэнтагону Сабрыны Сінгх. Расьсьледаваньнем меркаванай уцечкі, паводле яе, займаецца Міністэрства юстыцыі ЗША.

Сакрэтныя дакумэнты, якія датычацца, у прыватнасьці, украінскага контранаступу, а таксама паставак зброі, колькасьці войскаў, а таксама Блізкага Ўсходу і Кітая, зьявіліся ў сеціве ў сакавіку.

Мяркуючы па скрыншотах пастоў, як піша CNN, іх разьмясьцілі на плятформе мэсэнджара Discord. Адзін з дакумэнтаў — карта баявых дзеяньняў ва ўкраінскім Бахмуце — быў разьмешчаны на ананімным форуме 4chan, пісала The New York Times.

У частцы дакумэнтаў падрабязна апісваецца падрыхтоўка і рыштунак тузіна новых брыгад, якія Ўкраіна рыхтуе да наступу, у прыватнасьці пералічаны ўсе танкі, бронемашыны і прылады, перададзеныя Ўкраіне заходнімі саюзьнікамі. Пры гэтым адзначаецца, што «тэрміны паставак тэхнікі акажуць уплыў на працэс падрыхтоўкі і гатоўнасьць» брыгад. Ёсьць там і аналіз скарачэньня магчымасьцяў СПА Ўкраіны.

Ананімныя чыноўнікі Пэнтагона прызналіся прэсе, што дакумэнты могуць быць сапраўднымі.

У Офісе прэзыдэнта Ўкраіны ўцечку назвалі «фаташопам». У Кіеве таксама не выключаюць, што ўцечка можа быць расейскай апэрацыяй. Некаторыя вайсковыя блогеры, наадварот, мяркуюць, што гэта частка інфармацыйнай апэрацыі Захаду, мэта якой — падмануць расейскае камандаваньне, піша расейская служба Бі-бі-сі. Масква, камэнтуючы ўцечку, заявіла, што ў яе «няма ніякіх сумневаў» у прамой або ўскоснай уцягнутасьці ЗША і NATO ў канфлікт ва Ўкраіне.

Пазыцыя дэпутата Вяхоўнай Рады: «Ніводная краіна не прызнае, што гэтая інфармацыя праўдзівая або фэйкавая»

Няма ніводнай партыі, якая была б абсалютна зацікаўленая ў «зьліве» сакрэтных дакумэнтаў аб вайне ва Ўкраіне. Пра гэта Радыё Свабода заявіў народны дэпутат, сябра Камітэту Вярхоўнай Рады Ўкраіны ў нацыянальнай бясьпецы, абароне і выведцы Сяргей Рахманін.

Дэпутат лічыць, што ніводная краіна ня зможа прызнаць праўдзівасьць або лжывасьць апублікаваных у інтэрнэце дакумэнтаў.

«Ніводная краіна афіцыйна, на сто працэнтаў адназначна не прызнае, што гэтая інфармацыя праўдзівая або фэйкавая. Складанасьць заключаецца ў тым, што няма ніводнага боку, які быў бы абсалютна зацікаўлены ў такім «зьліваньні», сказаў Рахманін.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG