Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Абвінавачаньне ацаніла шкоду, нібыта прычыненую дзяржаве фігурантамі «справы Nexta», у 30 млн рублёў


Раман Пратасевіч, Сьцяпан Пуціла і Ян Рудзік. Каляж
Раман Пратасевіч, Сьцяпан Пуціла і Ян Рудзік. Каляж

У Менскім абласным судзе працягваецца разгляд «справы Nexta», фігуранты яе ― Сьцяпан Пуціла, Ян Рудзік і РаманПратасевіч.

7 красавіка пракурор абвясьціла суму шкоды, нібыта прычыненай фігурантамі. Паводле абвінавачаньня, яна склала ня менш як 30 мільёнаў беларускіх рублёў, паведамляе Sputnik.

«Дзеяньні Пратасевіча, Пуцілы, Рудзіка і іншых асоб прывялі да цяжкіх наступстваў», ― заявіла дзяржаўны абвінаваўца Натальля Сакалова.

Як вынікае з новага абвінавачаньня, сілавым органам нібыта была нанесена шкода ня менш як на 24 мільёны беларускіх рублёў, агулам жа шкоду дзяржаве налічылі на прыблізна 30 мільёнаў рублёў.

Сёньня на працэсе агучылі новае абвінавачаньне Сьцяпану Пуцілу. У новым абвінавачаньні, якое па словах пракурора, «істотна адрозьніваецца ад папярэдняга», канкрэтызавана «апісаньне злачынных дзеяньняў абвінавачанага».

Таксама з абвінавачаньня Пуцілу прыбралі два артыкулы: ч. 2 арт 342 (Навучаньне або іншая падрыхтоўка асобаў для ўдзелу ў групавых дзеяньнях, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, фінансаваньне ці іншае матэрыяльнае забесьпячэньне такой дзейнасьці) і ч.2. арт. 293 (Удзел у масавых беспарадках, якія суправаджаліся гвалтам над асобай, пагромамі, падпаламі, зьнішчэньнем маёмасьці або ўзброеным супрацівам прадстаўнікам улады) Крымінальнага кодэксу Беларусі.

Працэс у «справе Nexta» пачаўся 16 лютага у Менскім абласным судзе. Аўтараў тэлеграм-канала Сьцяпана Пуцілу і Яна Рудзіка судзяць завочна, Рамана Пратасевіча, які знаходзіцца пад хатнім арыштам, — у судовай залі. Ім інкрымінуюць ня менш як 1586 эпізодаў.

У ліку абвінавачаньняў:

  • распальваньне сацыяльнай варожасьці;
  • арганізацыя масавых беспарадкаў, навучаньне і іншая падрыхтоўка асоб для ўдзелу ў іх;
  • публічныя заклікі да захопу дзяржаўнай улады, акту тэрарызму, іншых дзеяньняў, накіраваных на прычыненьне шкоды нацыянальнай бясьпецы;
  • стварэньне экстрэмісцкага фармаваньня і кіраваньне ім;
  • паклёп і публічная абраза Лукашэнкі;
  • змова з мэтай захопу дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам;
  • фінансаваньне экстрэмісцкай дзейнасьці;
  • дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусь.
  • Пуцілу таксама інкрымінавалі арганізацыю дзейнасьці тэрарыстычнай арганізацыі.

Пры накіраваньні справы ў суд Генпракуратура «ў інтарэсах дзяржавы» заявіла пазоў аб пакрыцьці абвінавачанымі маёмаснай шкоды на агульную суму звыш 30 млн рублёў.

Паведамляецца, што ў дачыненьні да Пуцілы і Рудзіка, якія знаходзяцца за мяжой, адбываецца «спэцыяльнае вядзеньне».

Пратасевіча затрымалі пасьля прымусовай пасадкі ў Менску 23 траўня 2021 году самалёта, які накіроўваўся з Атэнаў у Вільню.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG