Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Каб адхіліць Лукашэнку, ядзернай зброі, адрозна ад танкаў, Расея выкарыстаць ня можа,— аналітык Мажэйка


Аляксандар Лукашэнка і Ўладзімір Пуцін. Архіўнае фота
Аляксандар Лукашэнка і Ўладзімір Пуцін. Архіўнае фота

Каардынатар экспэртнай сеткі «Наша меркаваньне», палітычны аналітык Вадзім Мажэйка аналізуе апошнюю сустрэчу Пуціна і Лукашэнкі.

Сьцісла:

  • Лукашэнка і Пуцін цяпер не зацікаўленыя публічна дэманстраваць нейкія канфлікты.
  • Здаецца, што ў пытаньні ядзернай зброі ў Лукашэнкі і Пуціна ёсьць паразуменьне.
  • За мінулыя гады Менск здаў важныя рубяжы ў эканамічным сувэрэнітэце.
  • Відавочна, расейцы незадаволеныя тым, наколькі не абаронены беларускі пляцдарм.

— Як можна ацаніць вынікі сустрэчы Пуціна і Лукашэнкі? Вонкава выглядае, што бакі дэманстравалі максымальную еднасьць і згоду, адсутнасьць істотных разыходжаньняў. Ці сапраўды гэта так і сёньня Пуціну і Лукашэнку «няма чаго дзяліць»?

— Сапраўды, цяпер Лукашэнка і Пуцін не зацікаўленыя публічна дэманстраваць нейкія канфлікты. Лукашэнку боязна, а Пуцін зацікаўлены паказваць, што ў адносінах з апошнім саюзьнікам усё добра. За столькі гадоў стасункаў гэтыя два дыктатары навучыліся адзін аднога разумець, хаця было шмат канфліктаў і зайздрасьці. Можна адзначыць, што і падчас гэтай сустрэчы Пуцін двухсэнсоўна пажартаваў, што «заробак трэба адпрацоўваць».

Вадзім Мажэйка
Вадзім Мажэйка

Але ў цэлым за апошнія гады ўсе іхныя сустрэчы праходзяць у агульнай пазытыўнай атмасфэры, канкрэтыкі даецца няшмат, і толькі празь нейкі час паведамляецца нешта істотнае. Як пра тую ж ядзерную зброю. Таму калі зараз яны пра нешта важнае і дамовіліся, то нам пра гэта абвесьцяць значна пазьней.

— Калі гаварыць пра ядзерную зброю, то была даволі адметная рэакцыя Лукашэнкі наконт заявы прэзыдэнта Францыі Макрона, што Расея не павінна разьмяшчаць ядзерную зброю ў Беларусі. Лукашэнка адказаў, што «мы робім так, як робяць яны», маючы на ўвазе ЗША. Атрымліваецца, што ён выконвае сваю ролю ў больш шырокай расейскай гульні вакол ядзернай зброі?

— Мне здаецца, што ў пытаньні ядзернай зброі ў Лукашэнкі і Пуціна ёсьць паразуменьне. Лукашэнка лічыць, што расейская ядзерная зброя абараняе яго. З другога боку, гэта нейкі мінімальны кампраміс з Расеяй, бо для яго лепей ядзерная зброя, чым сталыя расейскія базы. Ядзерную зброю, адрозна ад пяхоты ці танкаў, Расея ня можа выкарыстаць, каб адхіліць Лукашэнку ад улады. Так што тут ён сапраўды можа падтрымліваць гэтыя пляны Пуціна.

Тым больш што, фармальна кажучы, разьмяшчэньне расейскай зброі ў Беларусі не парушае міжнародных дамоваў аб нераспаўсюдзе. Ніхто не перадасьць ядзерную зброю пад кантроль беларускага войска.

— На сустрэчы Лукашэнка і Пуцін хваліліся тым, што саюзныя праграмы выкананыя на 80 працэнтаў. Можна прыгадаць, што ў 2019 годзе афіцыйны Менск даволі рэзка супраціўляўся ажыцьцяўленьню гэтых «саюзных праграмаў», «дарожных мапаў», а цяпер радасна паведамляе пра іх выкананьне. Ці, можа, бакі знайшлі нейкі чароўны варыянт, які цяпер ужо задавальняе абодвух, ці проста Менск «нахілілі» і ніякія беларускія інтарэсы ўжо асабліва не ўлічваюцца?

— Адразу адзначу, што ўсе размовы наконт працэнту выкананьня дамоўленасьцяў нічога ня вартыя — гэтыя лічбы кожны раз скачуць у любы бок, у залежнасьці ад палітычнай патрэбы. Але факт, што за мінулыя гады Менск здаў некаторыя важныя рубяжы ў эканамічным сувэрэнітэце: варта згадаць тую ж уніфікацыю ў падатковай палітыцы.

Гэта адпавядае таму стратэгічнаму курсу, якім зараз ідзе лукашэнкаўская Беларусь. Нейкія ваганьні і геапалітычныя балянсаваньні для Лукашэнкі мелі сэнс, калі ён разьлічваў на заходні вэктар у замежнай палітыцы. Цяпер гэтага няма, і відавочна, што як мінімум падчас вайны ў Лукашэнкі ня будзе шанцу пазбавіцца заходніх санкцыяў. Таму эканоміка ўсё больш прывязваецца да Расеі, таваразварот з Расеяй у працэнтных адносінах павялічваецца. Лукашэнка спрабуе выціскаць з гэтай сытуацыі, што магчыма, упісвацца ў расейскія праграмы імпартазамяшчэньня.

Адсюль і жаданьне сказаць, што ўсе праграмы выкананыя. Пры гэтым ігнаруецца, што нават цяпер ня выканана шмат таго, што прадугледжвалася рознымі інтэграцыйнымі перамовамі, пачынаючы з 1999 году — агульная валюта, роўныя цэны і гэтак далей.

— Падчас сустрэчы Лукашэнка, відавочна, пацьвельваў Пуціна, назваўшы яго «стомленым прэзыдэнтам». Гэтым ён хоча паказаць, што на тле Пуціна сам такі бадзёры і энэргічны?

— Мне думаецца, гэтыя два старыя аўтакраты настолькі даўно адзін аднаго ведаюць, прайшлі праз самыя розныя этапы сваіх адносінаў: дзе ім яшчэ даволі бясьпечна жартаваць, як не падчас сустрэчаў паміж сабой? У свой час Лукашэнку крэсла такое паставілі, што ён вымушаны быў сядзець, раскарачыўшыся. А нядаўна яго ж вымусілі сказаць: «Як я мог да вас не прыехаць»... Так што цяпер кіраўнік менскага рэжыму, відаць, вырашыў неяк «адказаць» на гэтыя пстрычкі.

— 4 красавіка падчас сустрэчы з кіраўніком Службы замежнай выведкі (СЗВ) Расеі Сяргеем Нарышкіным Лукашэнка ледзь не апраўдваўся, прызнаючы, што спэцслужбы не за ўсім могуць упільнаваць «з улікам імклівага разьвіцьця розных тэхнічных сродкаў». Цяпер падчас сустрэчы з Пуціным Лукашэнка заявіў пра нейкіх злоўленых дывэрсантаў зь іншых краінаў, не назваўшы ні імёнаў, ні абставінаў. Здаецца, Менск хоча паказаць, што стараецца і выконвае сваю ролю ў вылоўліваньні «шпіёнаў і дывэрсантаў»?

— Лукашэнкаўскія спэцслужбы могуць заяўляць, што злавілі дзясяткі грамадзянаў замежных краінаў, не называючы ніводнага імя. Яны могуць колькі заўгодна «лавіць» замаскаваных у парыкі ўласных супрацоўнікаў і выдаваць іх за тэрарыстаў, але гэта не адмяняе факту, што рэальную дывэрсію супраць расейскага самалёта ў Мачулішчах яны праглядзелі.

А гэты самалёт хвалюе Расею куды болей, чым усе фэйкавыя тэрарысты ў парыках. Лукашэнка адчувае тут сваю віну перад расейцамі. Відавочна, расейцы незадаволеныя тым, наколькі неабаронены беларускі пляцдарм. Лукашэнка ня можа гарантаваць, што ўсё ў яго пад кантролем. Адсюль і ягоныя апраўданьні — бо ёсьць за што апраўдвацца.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG