Жыхары Лунінца паведамілі выданьню «Мэдыя-Палесьсе», што з аўторка ў раённым цэнтры, у Мікашэвічах і ў раёне пачаліся мабілізацыйныя захады.
Мужчын забіраюць з дому, з вуліцаў, працоўных месцаў, камусьці ўручаюць позвы, а камусьці — не. Усіх адвозяць аўтобусамі ад Дому культуры.
«Майго калегу забралі проста з ложка, — паведаміў выданьню работнік аднаго з прадпрыемстваў гораду. — Як расказала яго жонка, у дамафон раніцай пазванілі, назваўшыся суседзямі. Яна адчыніла. Далей невядомыя ўвайшлі ў кватэру, паднялі мужа з ложка. Сабрацца толкам не далі і забралі. Ніякай даведкі для працы не пакінулі».
Далей стала вядома, што чалавека разам зь іншымі павезьлі аўтобусам у Слонім. Нібыта там знаходзіцца мабілізацыйны цэнтар. Там абвясьцілі, што месцаў няма, і адпусьцілі, але ўжо з позвай.
Па словах іншага жыхара Лунінца, мужчын зьбіраюць каля гарадзкога Дому культуры і грузяць у аўтобусы.
Выданьне піша, што мужчыны ня маюць пры сабе неабходных рэчаў і санітарных прадметаў і што для большасьці гэта шок. Сярод схопленых людзі рознага ўзросту, трапляюцца мужчыны 1971 году нараджэньня.
Па падліках крыніцы, з Лунінца за два дні вывезьлі каля 200 мужчын. Толькі 6 красавіка ад гарадзкога Дому культуры адправіліся два вялікія аўтобусы.
Пра тое, што аналягічныя падзеі адбываюцца і ў Баранавічах, на падставе сьведчаньняў сваіх чытачоў 5 красавіка паведамляла Intex-press. Позвы, па словах гараджан, многім прывозілі проста на месцы працы.
«Брат пайшоў на працу, а там яму паведамілі, што прыйшлі позвы і трэба іх забраць. Уручылі яму і яшчэ дзесяці чалавекам зь яго працы», — распавяла Intex-press чытачка. У позвах было пазначана, калі і куды чалавек мае зьявіцца, а таксама якія рэчы неабходна мець пры сабе («спраўнае адзеньне і абутак, сродкі гігіены, ежу на суткі, пашпарт, вайсковы білет»).
«Мяне выклікалі на 3 гадзіну ночы ў суботу ў Лядовы палац. Турбуе, што зборы ноччу, не пазначаны іх дакладны тэрмін, а таксама тое, што ў позьве пазначаная мэта „мабілізацыя, мабілізацыйныя зборы, спэцыяльныя зборы“, але патрэбнае не падкрэсьлена», — падзяліўся сваімі думкамі з нагоды маючых адбыцца збораў адзін з «прызыўнікоў».
З аповедаў чытачоў вынікае, што на зборы забіраюць у асноўным тых, хто служыў у войску, вязуць іх у Слонім, тэрмін — «да 35 содняў». Сваякі занепакоеныя, што мужчын забіраюць масава, нічога толкам не тлумачаць.
«Мужу ўвечары прынесьлі на працу позву, а раніцай забралі ў Слонім. Брата таксама забралі, хоць ён ужо быў на зборах, года не прайшло. Вельмі страшна, ці мала куды могуць адправіць зараз», — адзначыла жонка аднаго з вайсковаабавязаных.
Пра тое ж самае, але ўжо ў самім Берасьці, паведаміла Zerkalo.io. Як расказаў суразмоўца выданьня, увечары 3 красавіка ў Берасьці пачалі масава ўручаць позвы ў ваенкамат. А калі не атрымлівалася аддаць асабіста, прыносілі на працу. Позву атрымаў у тым ліку Аляксей. Ягоны бацька Мікалай расказвае:
«Учора, 4 красавіка, сын пайшоў на працу, а там яму ўручылі позву. І адразу сказалі зьявіцца да 9-й раніцы ў Цэнтар алімпійскага рэзэрву па лёгкай атлетыцы. Пакуль сын быў на сувязі, то расказваў, што пры ім чалавек 400 пасадзілі ў аўтобусы і адправілі кудысьці ў кірунку Горадні. У людзей з сабой нічога няма... у многіх праца, нейкія справы. Сын паведаміў супрацоўнікам ваенкамату, што задзейнічаны ў вытворчасьці і патрэбны на сваім прадпрыемстве, гэта нават пацьвердзіў яго дырэктар. Толькі ніхто ня стаў слухаць. Дзесьці а трэцяй гадзіне дня пасьпеў паведаміць, што вязуць у бок Пружанаў, і тэлефоны сталі недаступныя. Дырэктар прадпрыемства ў шоку ад такога разьвіцьця падзей, на вытворчасьці бяз сына наогул ніяк. Але ніхто нават не паглядзеў на гэта».
Што з сынам і дзе ён, Мікалай ня ведаў цэлы дзень. Толькі 4 красавіка ўвечары, пасьля сёмай гадзіны, малады чалавек выйшаў на сувязь і расказаў, што знаходзіцца ў вайсковай частцы.
Паводле «Нашай Нівы», вайсковы камісар Берасьця і Берасьцейскага раёну Валеры Касянюк у этэры дзяржаўнага тэлеканалу заявіў, што «захады носяць плянавы характар, прызначаны яны з мэтай праверкі баявой гатоўнасьці злучэньня і ня маюць характару мабілізацыі».