Міжнародны алімпійскі камітэт (МАК) на сваім афіцыйным сайце наконт вяртаньня спартоўцаў зь Беларусі і Расеі на міжнародную арэну ў нэўтральным статусе. У тэксьце дадзены больш падрабязныя тлумачэньні ў некаторых пытаньнях удзелу беларусаў і расейцаў у міжнародных спартовых спаборніцтвах.
Раней МАК даў рэкамэндацыі, паводле якіх кожная фэдэрацыя па асобных відах спорту сама вырашыць, ці дапускаць спартоўцаў з гэтых краін да турніраў.
— Як МАК расцэньвае нэгатыўную рэакцыю некаторых эўрапейскіх урадаў на новыя рэкамэндацыі?
— Сумна бачыць, што некаторыя ўрады не жадаюць паважаць большасьць у алімпійскім руху ці аўтаномію спорту, якую яны патрабуюць ад іншых краін і ўсхваляюць у незьлічоных прамовах і рэзалюцыях ААН і Эўрапейскага зьвязу.
Мы ня бачылі ніводнага камэнтара аб іх стаўленьні да ўдзелу атлетаў, чые краіны ўцягнуты ў астатнія 70 войнаў, узброеных канфліктаў і крызісаў у сьвеце. Яшчэ больш сумна, што яны груба грэбуюць вельмі выразнай заявай двух спэцыяльных дакладчыкаў Рады правоў чалавека ААН. У той час як у іншых пытаньнях яны заўсёды падкрэсьліваюць свае цьвёрдыя патрабаваньні аб выкананьні правоў чалавека. Урады ня могуць вырашаць, які спартовец і ў якіх спаборніцтвах можа ўдзельнічаць. Гэта быў бы канец міжнароднага спорту, якім мы яго ведаем. Той факт, што абодва бакі ў гэтай канфрантацыі не задаволены, можа сьведчыць пра тое, што МАК знайшоў нейкую залатую сярэдзіну, ад якой усе могуць адштурхоўвацца, каб зрабіць унёсак у дасягненьне паразуменьня і міру.
— Некаторыя гавораць, што МАК перакладае адказнасьць на міжнародныя фэдэрацыі, замест таго каб узяць яе на сябе.
— Іншага варыянту няма, улічваючы, як уладкаваны і як кіруецца міжнародны спорт. Міжнародныя спаборніцтвы, якія не адносяцца да Алімпійскіх гульняў, знаходзяцца пад выключным і аўтаномным кантролем міжнародных фэдэрацый, якія вызначаюць правілы гэтых спаборніцтваў і правы спартоўцаў, якія бяруць удзел у іх.
— Як высьветліць, ці не падтрымліваў актыўна вайну расейскі ці беларускі атлет альбо дапаможны пэрсанал?
— Як пазначана ў дакумэнце з рэкамэндацыямі, да ўдзелу ў міжнародных спаборніцтвах могуць быць запрошаны толькі тыя індывідуальныя нэўтральныя спартоўцы і дапаможны пэрсанал, якія ня выступілі супраць мірнай місіі алімпійскага руху, актыўна падтрымаўшы вайну ва Ўкраіне. Лічыцца, што нанятыя паводле кантракту члены расейскіх і беларускіх узброеных сіл або органаў нацыянальнай бясьпекі падтрымліваюць вайну.
У дачыненьні іншых актыўных захадаў падтрымкі — усе адпаведныя абставіны, у прыватнасьці публічныя заявы, у тым ліку зробленыя ў сацыяльных сетках, удзел у дэманстрацыях або мерапрыемствах і адлюстраваньне любога сымбаля, які падтрымлівае вайну ва Ўкраіне, напрыклад, сымбаля «Z», павінны быць прыняты да ўвагі.
Каб забясьпечыць узгодненае тлумачэньне гэтых крытэраў, міжнародным фэдэрацыям трэба разгледзець магчымасьць стварэньня адзінай незалежнай камісіі пад эгідай асацыяцый.
— Што будзе са спартоўцамі з Расеі і Беларусі, якія ўжо прапусьцілі кваліфікацыю?
— Кваліфікацыйныя спаборніцтвы ў некалькіх відах спорту ўжо адбыліся. МАК ня будзе прасіць міжнародныя фэдэрацыі задняй датай адаптаваць свае кваліфікацыйныя сыстэмы для выдзяленьня дадатковых квотаў атлетам з расейскім або беларускім пашпартам, якія прапусьцілі адборачныя турніры праз вайну.
— Якая будзе пазыцыя МАК у адносінах міжнародных фэдэрацый, якія аддаюць перавагу ігнараваць рэкамэндацыі, такіх як World Athletics (Міжнародная асацыяцыя лёгкаатлетычных фэдэрацый), якая 23 сакавіка прадоўжыла адхіленьне ўсіх беларусаў і расейцаў ад міжнародных спаборніцтваў?
— МАК ня можа прымаць рашэньні аб правілах допуску ў кожным відзе спорту. Міжнародныя фэдэрацыі пад іх выключным кіраўніцтвам павінны вырашыць, ці жадаюць яны пайсьці па такім шляху, які прапанаваў Камітэт. Рэкамэндацыі МАК тычацца толькі таго, як гэта можна зрабіць.
У гэты момант шэраг спартовых фэдэрацый разглядае рэкамэндацыі Міжнароднага алімпійскага камітэту (МАК) аб допуску спартоўцаў з Расеі і Беларусі ў нэўтральным статусе. Фэдэрацыя коннага спорту напярэдадні не дазволіла ўдзелу расейскіх і беларускіх атлетаў.
5 красавіка Эўрапейская фэдэрацыя футбольных асацыяцый (УЭФА) вырашыла не выключаць нацыянальную зборную Беларусі і беларускія клюбы зь міжнародных матчаў. Расейскія клюбы і зборная выключаныя яшчэ з траўня 2022 году.
Кабінэт міністраў Украіны ўхваліў рашэньне аб забароне ўдзельнічаць украінскім спартоўцам у спаборніцтвах на адной пляцоўцы з расейскімі і беларускімі атлетамі.
Абмеркаваньні выключэньня спартоўцаў з Расеі пачаліся адразу пасьля пачатку паўнамаштабнай вайны, якую Масква пачала супраць Украіны 24 лютага 2022 году. Затым пачаліся і абмеркаваньні мэтазгоднасьці ўдзелу беларускіх атлетаў праз саўдзел Лукашэнкі ў вайне на расейскім баку.