Напярэдадні Эўракамісія апублікавала праект працягу бязмытнага ўвозу збожжа з Украіны яшчэ на год. Польскія аграрыі, як і сам Кавальчык, лічаць, што гэтая мера дыскрымінуе польскіх вытворцаў збожжа.
У траўні 2022 году Эўразьвяз на год адмяніў увазное мыта і квоты на ўвоз збожжа з Украіны ў якасьці меры падтрымкі эканомікі краіны, якая ваюе. Акрамя збожжавых, мыта і квоты былі адмененыя і на іншую ўкраінскую сельскагаспадарчую прадукцыю, у тым ліку алейныя культуры, цукар, птушынае мяса і яйкі.
Гэта выклікала незадаволенасьць фэрмэраў краінаў, якія мяжуюць з Украінай, у тым ліку Польшчы. Прыток таннай (праз адсутнасьць мыта) украінскай прадукцыі прывёў да таго, што ў іхнай уласнай прадукцыі зьнізілася канкурэнтаздольнасьць. Яны ня могуць зьмяншаць цэны на свае прадукты, і вытворчасьць робіцца стратнай.
Брусэль прапанаваў у якасьці кампэнсацыі пацярпелым фэрмэрам 56,3 мільёна эўра. З гэтай сумы Польшча атрымае амаль 30 мільёнаў эўра, Баўгарыя — 16,7 мільёна, а Румынія — 10 мільёнаў. Рашэньне было ўхваленае краінамі ЭЗ 30 сакавіка. Але ўлады зацікаўленых краінаў лічаць гэтыя выплаты замалымі, а меры — недастатковымі.
Польскія фэрмэры выказвалі міністру незадавальненьне пачынаючы са сьнежня мінулага году. На сельскагаспадарчым кірмашы ў Кельцах 18 сакавіка Кавальчыка асьвісталі. Каб пазьбегнуць бойкі, ён мусіў пакінуць кірмаш. На Эўрапейскім форуме фэрмэраў у Ясенцы ў яго кідалі яйкі.
31 сакавіка ўрады Польшчы, Славаччыны, Румыніі, Вугоршчыны і Баўгарыі зьвярнуліся ў Эўракамісію з запытам аб вяртаньні квотаў і мыта на ўкраінскую сельгаспрадукцыю. Яны падкрэсьлівалі, што такая мера неабходная для абароны інтарэсаў іх уласнай сельскай гаспадаркі. Аднак Эўракамісія апублікавала праект працягу бязмытнага і бясквотнага ўвозу збожжавых з Украіны яшчэ на год, ад чэрвеня 2023 па 5 чэрвеня 2024 году. Пасьля гэтага Кавальчык заявіў пра сваю адстаўку.
Пераемнікам Кавальчыка на пасадзе міністра сельскай гаспадаркі і разьвіцьця сельскіх рэгіёнаў стане Робэрт Тэлус, кіраўнік Сельскагаспадарчага камітэту ў польскім парлямэнце. Кавальчык застанецца ва ўрадзе ў якасьці «міністра без партфэля».