У прыватнасьці, пачала вывяргацца Ключаўская Сопка, адзін з найбуйнейшых вульканаў Эўразіі, вышыня якога складае 4850 мэтраў.
4 жніўня вулькан пачаў выкідваць вульканічныя «бомбы» на сотні мэтраў над кратэрам, паведаміла «РИА Новости». Раней, 3 жніўня, ён тройчы выкідаў слупы попелу на вышыню да 8 кілямэтраў над узроўнем мора.
Усяго за 30 кілямэтраў ад актыўнага вулькана знаходзіцца вайсковы гарадок Ключы, дзе разьмешчаны адны з самых сакрэтных падразьдзяленьняў арміі РФ. Гэта 43-я асобная навукова-выпрабавальная станцыя, якая займаецца дасьледаваньнямі, зьвязанымі з выпрабаваньнем міжкантынэнтальных балістычных ракет на палігоне Кура, адзначае ўкраінскі партал nv.ua.
Менавіта на гэтым палігоне праходзілі выпрабаваньні ракеты РС-26 «Рубеж», якая, паводле брытанскай выведкі, зьяўляецца адной з вэрсій ракеты «Арэшнік». Раней Уладзімер Пуцін заяўляў, што першыя «сэрыйныя» ўзоры гэтай ракеты перададуць Беларусі.
З 1970-х гадоў ЗША вядуць назіраньне за дзейнасьцю на палігоне Кура з дапамогай радара.
Нягледзячы на актыўнасьць вулькана, эвакуацыя з Ключоў не абвешчана, але жыхарам рэкамэндавана быць гатовымі да яе ў выпадку пагаршэньня сытуацыі.
Ключы месьцяцца ў атачэньні дзейных вульканаў, якія вывяргаюцца штогод. У прыватнасьці, гэта ўжо трынаццатае вывяржэньне Ключаўскай Сопкі з 2000 году.
Пасьля землятрусу ў сьпісе дзейных вульканаў сэнсацыйнае папаўненьне — прачнуўся вулькан Крашаніньнікава, які спаў больш як пяць стагодзьдзяў.
Форум