Галоўнай крыніцай «рызыкаў» і «антырасейскай палітыкі» ў канцэпцыі названыя ЗША.
Масква, як сказана ў дакумэнце, мае намер аддаваць прыярытэтную ўвагу «ліквідаваньню рудымэнтаў дамінаваньня ЗША і іншых несяброўскіх дзяржаў у сусьветных справах». Адной з галоўных мэт абвяшчаецца таксама абарона «традыцыйных каштоўнасьцяў» у процівагу нейкім «псэўдагуманістычным нэалібэральным» каштоўнасьцям. Для адбіцьця пагрозаў Расея, як сказана, гатовая прымяняць «сымэтрычныя і асымэтрычныя меры», у тым ліку з выкарыстаньнем войска.
Адносіны з сумежнымі дзяржавамі ў канцэпцыі названыя найбольш важнымі для бясьпекі Расеі. Фактычна гэтыя дзяржавы аднесеныя да расейскай сфэры ўплыву: Расея, напрыклад, абавязваецца процідзейнічаць разьмяшчэньню інфраструктуры «недружалюбных», гэта значыць заходніх, дзяржаў у гэтых краінах. Украіна ў дакумэнце ня згадваецца.
Агулам зьнешняя палітыка Расеі, як сказана ў дакумэнце, носіць «міралюбівы характар», але яна розная ў адносінах да сяброўскіх, нэўтральных і несяброўскіх краінаў.
Сам Пуцін папрасіў МЗС Расеі і іншыя ведамствы «асаблівую ўвагу аддаць пашырэньню сувязяў з канструктыўна настроенымі партнэрамі і фармаваньню ўмоваў для адмовы недружалюбных дзяржаў ад варожай палітыкі».
Расея ў дакумэнце названая «самабытнай дзяржавай-цывілізацыяй, якая згуртавала рускі народ і іншыя народы, якія складаюць культурна-цывілізацыйную агульнасьць Рускага сьвету». У канцэпцыі гаворыцца аб «унікальнай місіі» Расеі па «падтрыманьні глябальнага балянсу сіл» і «забесьпячэньні ўмоваў для мірнага, паступальнага разьвіцьця чалавецтва на аснове аб’яднальнага і канструктыўнага парадку дня».
У цэлым дакумэнт паўтарае і разьвівае тэзісы аб супрацьстаяньні з Захадам, выказаныя раней расейскім прэзыдэнтам Уладзімірам Пуціным. Пра вайну ва Ўкраіне, якая стала галоўнай прычынай жорсткага курсу краінаў Захаду ў адносінах да Масквы, там згадана толькі аднойчы, ускосна.