Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прэзыдэнт МАК выступіў за допуск беларускіх і расейскіх спартоўцаў да міжнародных спаборніцтваў у нэўтральным статусе


Прэзыдэнт Міжнароднага алімпійскага камітэту Томас Бах
Прэзыдэнт Міжнароднага алімпійскага камітэту Томас Бах

Прэзыдэнт Міжнароднага алімпійскага камітэту (МАК) Томас Бах падтрымаў ініцыятыву вяртаньня беларускіх і расейскіх спартоўцаў да эўрапейскіх і сусьветных спаборніцтваў у нэўтральным статусе.

Пра гэта паведамляе Reuters.

Выступаючы 28 сакавіка ў Лязане (Швайцарыя) перад пачаткам пасяджэньня выканкаму МАК, Бах зазначыў, што «ўдзел спартоўцаў з расейскімі і беларускімі пашпартамі ў міжнародных спаборніцтвах працуе».

«Мы бачым гэта амаль кожны дзень у шэрагу відаў спорту, больш за ўсё ў тэнісе, але таксама ў веласпорце, на некаторых спаборніцтвах па настольным тэнісе. Мы назіраем гэта ў хакеі, гандболе, у футболе і іншых амэрыканскіх лігах, але таксама і ў Эўропе, і на іншых кантынэнтах. На ніводным з гэтых турніраў не было інцыдэнтаў, зьвязаных зь бясьпекай», — падкрэсьліў кіраўнік МАК, маючы на ўвазе ў асноўным адзіночныя выступленьні беларусаў і расейцаў у складзе замежных клюбаў.

Бах дадаў, што «ўрады, на тэрыторыі якіх праходзяць спаборніцтвы, выдаюць расейскім і беларускім спартоўцам візы за вельмі рэдкімі выключэньнямі, а ў іншых краінах ім нават выдаюць дазволы на працу».

«Мы ня можам знайсьці рашэньне, якое б задавальняла ўсіх. З гэтым нам, магчыма, давядзецца жыць», — заявіў Бах.

Выканкам МАК будзе засядаць да 30 сакавіка. Ухвала зь яго боку ўдзелу беларусаў і расейцаў у міжнародных стартах ня будзе азначаць аўтаматычнага допуску атлетаў да спаборніцтваў. Канчатковае рашэньне застанецца за міжнароднымі фэдэрацыямі па асобных відах спорту.

  • 28 лютага летась Міжнародны алімпійскі камітэт (МАК) заклікаў міжнародныя спартыўныя фэдэрацыі не дапускаць да спаборніцтваў атлетаў з РФ і Беларусі. Гэтую рэкамэндацыю неадкладна і масава прынялі да выкананьня, у выніку чаго расейскі і беларускі спорт аказаўся амаль у поўнай ізаляцыі ад зьнешняга сьвету.
  • 25 студзеня 2023 году выканкам МАК пацьвердзіў санкцыі, уведзеныя ў дачыненьні да Беларусі і РФ з прычыны вайны супраць Украіны, аднак зазначыў, што ніводнаму спартоўцу нельга забараняць удзельнічаць у спаборніцтвах «толькі з прычыны ягонага пашпарта». У міжнароднай спартыўнай супольнасьці з таго часу абмяркоўваецца варыянт допуску беларускіх і расейскіх атлетаў на Алімпіяду ў нэўтральным статусе.
  • Пасьля заявы МАК некаторыя міжнародныя фэдэрацыі (фэхтаваньне, бокс) зьнялі санкцыі зь беларусаў і расейцаў.
  • 23 сакавіка Міжнародная асацыяцыя лёгкаатлетычных фэдэрацый (ІААФ) працягнула адхіленьне расейскіх і беларускіх спартоўцаў ад міжнародных спаборніцтваў.
  • 22 сакавіка Міжнародная фэдэрацыя хакею (ІІХФ) адхіліла зборныя Беларусі і Расеі ад удзелу ў чэмпіянаце сьвету 2024 году.
  • Рашэньне аб допуску спартоўцаў дзьвюх краінаў да летняй Алімпіяды 2024 году (пройдзе з 26 ліпеня па 11 жніўня ў Парыжы) яшчэ не прынята. Частка сусьветнай спартовай супольнасьці выступае супраць гэтага.
  • Не падтрымліваюць удзел у Алімпіядзе беларусаў і расейцаў і частка заходніх урадаў і палітыкаў.
  • Раней паведамлялася, што кааліцыя з 35 краін запатрабуе ад МАК не дапускаць беларускіх і расейскіх спартоўцаў да ўдзелу ў Алімпіядзе.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG