Вялікая Брытанія і Польшча дамовіліся аб будаўніцтве двух часовых вёсак для перасяленцаў у Палтаўскай і Львоўскай абласьцях, перадае Reuters.
На збудаваньне населеных пунктаў плянуюць выдаткаваць $12,3 млн. У двух сёлах, як удакладнілі ў брытанскім урадзе, пабудуюць дамы больш як для 700 перасяленцаў:
«На працягу апошняга года Пуцін працягваў наносіць удары па жылых дамах і цывільнай інфраструктуры, за што ўкраінскі народ заплаціў высокую цану. Гэта новае брытанска-польскае партнэрства дапаможа забясьпечыць сьвятлом, цяплом і дамамі тых, хто мае ў гэтым патрэбу», — заявіў міністар замежных спраў Вялікай Брытаніі Джэймс Клевэрлі.
Польшча і Вялікая Брытанія пасьлядоўна дапамагаюць Украіне ў пабудове часовага жытла для перасяленцаў з зонаў баявых дзеяньняў. Так, 27 сакавіка ў Львове адкрылі дадатковыя модульныя дамы ў мястэчку «Марыяполіс», у якім у цяперашні час пражываюць 1500 бежанцаў.
Збудаваньне модульных дамоў для перасяленцаў у Львове пачалося вясной мінулага году. Пасьля таго, як расейскія войскі пачалі масава абстрэльваць аб’екты энэргетычнай інфраструктуры Ўкраіны, было вырашана павялічыць колькасьць такіх дамоў, а таксама правесьці іх мадэрнізацыю, бо яны не падыходзілі для зімовых халадоў.