У Міністэрстве замежных спраў Беларусі заявілі, што рашэньне аб разьмяшчэньні на тэрыторыі краіны ядзернай зброі ўхвалена ў адказ на «беспрэцэдэнтны палітычны, эканамічны і інфармацыйны ціск з боку ЗША, Вялікай Брытаніі і іх хаўрусьнікаў па NATO, а таксама дзяржаў Эўрапейскага зьвязу».
«Аднабаковыя прымусовыя захады ў палітыцы і эканоміцы суправаджаюцца нарошчваньнем ваеннага патэнцыялу на тэрыторыі суседніх краін NATO ў непасрэднай блізкасьці ля нашых межаў. Улічваючы названыя абставіны і законныя заклапочанасьці і рызыкі ў сфэры нацыянальнай бясьпекі, якія вынікаюць зь іх, Беларусь ажыцьцяўляе вымушаныя дзеяньні ў адказ па ўмацаваньні ўласнай бясьпекі і абараназдольнасьці», — адзначаецца ў заяве МЗС Беларусі.
Паводле замежнапалітычнага ведамства, «беспрэцэдэнтны ціск» Захаду «прама супярэчыць абавязаньням, узятым на сябе асобнымі падпісантамі Мэмарандуму аб гарантыях бясьпекі ў сувязі з далучэньнем Рэспублікі Беларусь да Дамовы аб нераспаўсюджаньні ядзернай зброі».
У той жа час, дыпляматы заявілі, што «вайсковая супраца Беларусі і Расеі ажыцьцяўляецца ў строгай адпаведнасьці зь міжнародным правам».
У МЗС заявілі, што навучаньне беларускіх пілётаў, здольных кіраваць самалётамі са спэцыфічнымі боепрыпасамі, мадэрнізацыя такіх самалётаў, роўна як і разьмяшчэньне ядзерных баязарадаў на тэрыторыі Беларусі будуць адбывацца без перадачы Менску кантролю за імі.
У замежнапалітычным ведамстве Беларусі дадалі, што гэтая супраца з Расеяй адпавядае практыцы NATO у «сумесных ядзерных місіях».
«Беларускі бок перакананы, што на зьмену канфрантацыйнай рыторыцы і сьпіралі гонкі ўзбраеньняў павінен прыйсьці канструктыўны і ўзаемапаважлівы дыялёг, накіраваны на ўмацаваньне архітэктуры глябальнай і рэгіянальнай бясьпекі, шматбаковых мэханізмаў раззбраеньня, нераспаўсюджаньня і кантролю над узбраеньнямі, у тым ліку. Да гэтага мы заклікалі і працягваем заклікаць усіх нашых партнэраў», — адзначаецца ў заяве МЗС Беларусі.
Дамова аб нераспаўсюджаньні ядзернай зброі — шматбаковы міжнародны акт, распрацаваны Камітэтам раззбраеньня ААН для «устанаўленьня трывалай перашкоды на шляху пашырэньня кола краін, якія маюць ядзерную зброю». Дакумэнт падпарадкаваны мэце абмежаваць магчымасьці ўзьнікненьня ўзброенага канфлікту з прымяненьнем ядзернай зброі.
Генэральная асамблея ААН ухваліла гэты дакумэнт 12 чэрвеня 1968 году, а ўжо 1 ліпеня таго году ён быў адкрыты для падпісаньня.1 1 траўня 1995 году больш за 170 краін дамовіліся падоўжыць дзеяньне гэтай дамовы на няпэўны тэрмін безь якіх-небудзь дадатковых умоў.
25 сакавіка прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін у эфіры тэлеканала «Россия-24» заявіў, што 1 ліпеня ў Беларусі скончыцца будаўніцтва сховішча для тактычнай ядзернай зброі. Паводле яго, Аляксандар Лукашэнка ўжо доўгі час прасіў яго разьмясьціць тактычную ядзерную зброю ў Беларусі. Акрамя таго, Масква ўжо перадала Менску ракетны комплекс «Іскандэр», які можа выкарыстоўваць гэтую зброю.
Сакратар Рады нацыянальнай бясьпекі і абароны Ўкраіны Аляксей Данілаў заявіў, што разьмяшчэньне ядзернай зброі зьяўляецца крокам да «да ўнутранай дэстабілізацыі краіны і максымальна падвышае ўзровень нэгатыўнага ўспрыманьня і агульнага адпрэчаньня ў беларускага грамадзтва Расеі і Пуціна».
Міністэрства замежных спраў Украіны запатрабавала тэрмінова склікаць паседжаньне Рады Бясьпекі ААН у сувязі з заявай Пуціна аб разьмяшчэньні расейскай ядзернай зброі ў Беларусі.