Сьцісла:
- Заява Пуціна 25 сакавіка павярнула ў адваротны бок як мінімум дзьве традыцыйныя пазыцыі Расеі ў гэтым пытаньні.
- Сховішча ядзернай зброі — гэта даволі сур’ёзны інжынэрны аб’ект. Пакуль ніхто ніякай пабудовы ня бачыў.
- Гэта выключна палітычны крок, ніякай вайсковай мэтазгоднасьці ў гэтым дзеяньні няма.
- Сытуацыя, калі нехта нападае на Беларусь, не прадугледжвае прымяненьня Расеяй ядзернай зброі для абароны Беларусі.
— Камэнтуючы для New York Times заяву Ўладзімера Пуціна, вы сказалі, што лічыце малаімаверным, што расейская тактычная ядзерная зброя будзе разьмешчана ў Беларусі. Чаму вы так думаеце?
— Трэба адзначыць, што заява Пуціна 25 сакавіка павярнула ў адваротны бок сама меней дзьве традыцыйныя пазыцыі Расеі ў гэтым пытаньні.
Па-першае, з 1990-х гадоў Расея настойвала, што ўсе ядзерныя дзяржавы павінны трымаць ядзерную зброю на сваёй тэрыторыі. У тым ліку гэта было яшчэ раз пацьверджана ў сумеснай расейска-кітайскай заяве літаральна некалькі дзён таму, у выніку сустрэчы лідэраў Расеі і Кітаю ў Маскве. І раптам Пуцін адным махам гэтую пазыцыю нібыта адмяняе — што, вядома, выглядае дзіўна і непасьлядоўна.
Па-другое, была яшчэ пазыцыя, якую Расея мела недзе зь сярэдзіны 2010-х гадоў. Гэта пазыцыя сьцьвярджала, што практыка навучаньня замежных вайскоўцаў зь няядзерных краінаў супярэчыць Дамове аб нераспаўсюджаньні ядзернай зброі.
— Але на гэта Крэмль можа сказаць, што мы, маўляў, заявілі не пра перадачу Беларусі ядзернай зброі, а толькі пра разьмяшчэньне ядзернай зброі на яе тэрыторыі.
— Так, у рукі беларускіх вайскоўцаў ніхто нічога перадаваць ня будзе. Але гэтаксама і ЗША нікому нічога «не перадавалі», калі разьмяшчалі сваю ядзерную зброю ў іншых краінах. Пуцін якраз казаў, што «мы ня будзем рабіць нічога такога, чаго ня робяць ЗША». Пярэчаньні Масквы якраз былі супраць плянаў навучаньня пэрсаналу, навучаньня пілётаў зь няядзерных краінаў, якія павінны даставіць гэтую зброю.
Атрымліваецца, што тры дні таму Масква нагадвала, што такая практыка супярэчыць Дамове аб нераспаўсюджаньні, а цяпер, у выпадку зь Беларусьсю, ужо не супярэчыць.
— А хіба Масква ня можа ўсё гэта забясьпечыць сваім расейскім пэрсаналам — пілётамі, аховай, абслугай?
— Могуць, напэўна. Але ж заяўлена зусім іншае. Заяўлена, што 10 самалётаў, якія належаць Беларусі, пераабсталяваныя і могуць дастаўляць гэтую зброю. Сказана, што ідзе навучаньне беларускага пэрсаналу, экіпажаў.
Вы маеце рацыю, што можна проста зрабіць у Беларусі вайсковую базу, частку, дзе ўсё будзе расейскім. Але ў тых заявах, якія мы чуем, пра гэта размова не ідзе. Размова ідзе пра тую практыку, якая прынята ў рамках NATO ў справе разьмяшчэньня амэрыканскай ядзернай зброі ў Эўропе.
— Калі гаварыць пра тэхнічны бок гэтай справы — якая ёсьць у экспэртаў інфармацыя наконт таго, ці сапраўды магчыма да ліпеня (як абвешчана Пуціным) разьмясьціць у Беларусі ядзерную зброю? Ці гатовы да гэтага матэрыяльна-тэхнічны бок?
— Наконт абвешчанай даты 1 ліпеня, да якой нібыта павінна скончыцца пабудова сховішча, у мяне ёсьць вялікія сумневы, што гэта можа адбыцца. Бо пакуль ніхто гэтага сховішча ня бачыў. Трэба разумець, што сховішча ядзернай зброі — гэта даволі сур’ёзны інжынэрны абʼект. Вы павінны пабудаваць умацаваны бункер, пабудаваць пэрымэтар бясьпекі, паставіць ахову. Нават устаноўка ўсіх сыстэмаў назіраньня, сыгналізацыі займае некалькі месяцаў, да паўгода. Усё гэта патрабуе выдаткаў і сілаў, і гэта павінна быць відаць. Пакуль ніхто нічога такога ня бачыў.
— Вы маеце на ўвазе, што няма ніякіх дадзеных, напрыклад, спадарожнікавага назіраньня альбо выведкі аб гэтым? І дарэчы, менавіта гэта ўжо адзначылі амэрыканцы...
— Так. Я думаю, што калі б такое будаўніцтва недзе пачалося, то яго б заўважылі.
— А старыя савецкія шахты, якіх было шмат у Беларусі, пад гэта пераабсталяваць немагчыма?
— Апошнія зарады адтуль вывелі ў 1995 годзе. І я вельмі моцна сумняваюся, што нейкія з гэтых сховішчаў маглі падтрымліваць у стане, які дазваляе забясьпечыць адэкватныя ўмовы для захоўваньня боезарадаў.
Была такая міжнародная праграма «сумеснага памяншэньня пагрозы»; я размаўляў зь людзьмі, якія ў ёй удзельнічалі. Ёсьць досьвед назіраньня за мадэрнізацыяй існых сховішчаў, напрыклад у Калінінградзе, і на здымках відаць, як сховішча было мадэрнізавана. То бок, схаваць такую актыўнасьць нерэальна.
— Чаму тады Пуцін абвесьціў тое, што вы лічыце маларэалістычным?
— Наколькі я разумею, ідэя найперш палітычная — прадэманстраваць узмацненьне палітычнага саюзу паміж Беларусьсю і Расеяй. Гэта выключна палітычны крок, ніякай вайсковай мэтазгоднасьці ў гэтым дзеяньні няма.
Дарэчы, тая самая практыка існуе ў NATO. Гэта найперш палітычнае дзеяньне, закліканае прадэманстраваць адзінства саюзу.
— Рэакцыя Вашынгтона на заяву Пуціна пакуль дастаткова стрыманая. Але калі ЗША ўбачаць, што пачалася рэальная падрыхтоўка да ажыцьцяўленьня гэтай заявы, што пачаліся нейкія дзеяньні ў справе пабудовы і арганізацыі такога сховішча, тады якой будзе рэакцыя?
— Вядома, нічога добрага ў такім варыянце ня будзе, гэта адназначна нэгатыўнае разьвіцьцё падзеяў. Але трэба разумець, што ў глябальным маштабе рэальных новых рызык ад гэтага не ўзьнікае. Гэта чыста палітычнае дзеяньне. Што тычыцца магчымай рэакцыі Захаду, то яны ў складаным становішчы. Яны ня могуць сказаць, што ўсё гэта незаконна, бо самі даўно разьмясьцілі сваю ядзерную зброю ў іншых краінах.
— Дарэчы, а ў якіх краінах разьмешчана амэрыканская ядзерная зброя?
— Нямеччына, Нідэрлянды, Бэльгія, Італія і Турэччына.
— Значыць, у адказ на магчымае разьмяшчэньне расейскай ядзернай зброі ў Беларусі амэрыканцы ня будуць разьмяшчаць сваю ў Польшчы?
— Спадзяюся, розум пераможа і гэтага не адбудзецца.
— Больш-менш зразумела, навошта гэта Пуціну. А для чаго гэта Лукашэнку?
— Наколькі я магу бачыць, гэта сыгнал больш цесных сувязяў з Расеяй. Магчыма, ён думае, што, паколькі ён будзе кіраўніком дзяржавы, на тэрыторыі якой знаходзіцца ядзернай зброя, то ягоны статус падвысіцца. Але я ня думаю, што стаўленьне да яго ў сьвеце ў выніку гэтага неяк зьменіцца.
— Магчыма, Лукашэнка сапраўды баіцца нападу звонку на ягоны рэжым і ўспрымае расейскую ядзерную зброю як нейкі парасон, які яго ад гэтага канчаткова абароніць?
— Гэта пытаньне неадназначнае. Бо калі паглядзець расейскую ваенную дактрыну, то Расея пакідае за сабой права на прымяненьне ядзернай зброі ў выпадку нападу на Расею і яе саюзьнікаў з прымяненьнем зброі масавага зьнішчэньня. Альбо ў выпадку звычайнай агрэсіі — але толькі на Расею. Сытуацыя, калі нехта нападае на Беларусь, не прадугледжвае прымяненьня ядзернай зброі для абароны Беларусі.
Але, паўторымся, я моцна сумняваюся, што ядзерная зброя сапраўды будзе разьмешчаная ў Беларусі. Бо каштоўнасьць гэтага «мерапрыемства» выключна палітычная, а не ваенная. А для палітычных мэтаў ня трэба нават сховішча будаваць. Дастаткова абвесьціць, што ёсьць такая магчымасьць. І сама імавернасьць, магчымасьць такога разгортваньня будзе дастатковай для стварэньня палітычнага эфэкту.