«Для тых, хто хоць крыху разумеецца ў пытаньнях ядзернай бясьпекі, відавочна, што рашэньне Пуціна разьмясьціць ядзерную зброю на тэрыторыі Беларусі зусім ня будзе садзейнічаць узмацненьню рэгіянальнай бясьпекі і захаваньню сувэрэнітэту Беларусі», — напісаў на сваёй старонцы ў Фэйсбуку амбасадар Украіны ў Беларусі Ігар Кізім.
Паводле амбасадара, такі крок «наўпрост супярэчыць палажэньням Дагавору аб нераспаўсюджаньні ядзернай зброі. Прычым гэта парушэньне як з боку Расеі, так і Беларусі».
«Але самае сумнае тое, што зараз тут, у Беларусі, знойдзецца куча «аналітыкаў», «экспэртаў», парлямэнтарыяў і інш., якія будуць пераконваць беларускае грамадзтва ў тым, што як гэта добра для захаваньня міру і для будучыні краіны», — напісаў Ігар Кізім.
«Але, напэўна, у гэтым кантэксьце, ім трэба было б узгадаць і пра наступствы аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Зразумела навошта гэта патрэбна цяперашняму крамлёўскаму рэжыму, але навошта гэта беларусам?» — завяршыў свой допіс украінскі амбасадар.
25 сакавіка Ўладзімір Пуцін заявіў, што Расея разьмесьціць у Беларусі тактычную ядзерную зброю. Паводле Пуціна, Аляксандар Лукашэнка даўно прасіў яго разьмясьціць такую зброю ў краіне.
Як заявіў прэзыдэнт Расеі, будаўніцтва ў Беларусі сховішча тактычнай ядзернай зброі павінна быць завершана да 1 ліпеня. Акрамя таго, Беларусі перададзены ракетны комплекс «Іскандэр», які можа выкарыстоўваць гэтую зброю, і самалёты, якія могуць несьці ядзерныя ракеты.