Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Украіна заявіла, што перадала Расеі ўсіх цяжкапараненых палонных


Украіна перадала Расеі ўсіх цяжкапараненых палонных, заявіў украінскі Каардынацыйны штаб па працы з ваеннапалоннымі. У Маскве пакуль не камэнтавалі гэтую інфармацыю.

Паводле паведамленьня штабу, гэта быў не абмен, а рэпатрыяцыя. Усіх цяжкапараненых, чый стан дазваляў транспартаваньне, вярнулі ў Расею без сустрэчных умоваў.

Штаб удакладніў, што было перададзена пяць чалавек. Згодна з нормамі міжнароднага права цяжкапараненыя і цяжкахворыя палонныя не падлягаюць абмену, іх павінны эвакуаваць у сваю краіну для лекаваньня.

«У той жа час дзяржава-агрэсар, сыстэматычна грэбуючы міжнароднымі нормамі, дагэтуль утрымлівае ў закладніках тысячы ўкраінскіх грамадзян, у тым ліку цяжка хворых і параненых, цывільных асобаў, дзяцей і жанчын, людзей сталага веку, а таксама тых, хто трапіў у расейскі палон яшчэ да пачатку шырокамаштабнага ўварваньня. Усе гэтыя катэгорыі грамадзян, паводле міжнароднага гуманітарнага права, павінны вярнуць Украіне шляхам рэпатрыяцыі безь якіх-небудзь умоваў», — заявілі ў каардынацыйным штабе.

7 сакавіка Ўкраіна і Расея правялі чарговы абмен ваеннапалоннымі, у выніку якога дадому вярнуліся 130 украінцаў і 90 расейцаў. У ліку 130 вернутых з палону ўкраінцаў — чатыры жанчыны. У Мінабароны РФ пацьвердзілі вяртаньне з палону 90 расейцаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG