Прадстаўнік Рады нацыянальнай бясьпекі Белага дому Джон Кірбі скрытыкаваў Міністэрства абароны Расеі за ўзнагароджаньне пілётаў, якія сваімі дзеяньнямі выклікалі падзеньне амэрыканскага бесьпілётніка ў Чорнае мора.
«Я ня ведаю іншай арміі ў сьвеце, іншай вайскова-паветранай сілы ў сьвеце, якая б узнагароджвала пілёта за тое, што ён урэзаўся ў дрон. Калі гэта адвага, то, напэўна, у іх іншае вызначэньне гэтага слова. Гэта бязглузда і крыўдна», — цытуе словы Кірбі прэсавая служба Белага дому.
«Мы ня ведаем, ці спрабаваў гэты пілёт наўмысна пратараніць дрон, ці не, але ён гэта зрабіў. Відэадоказы былі дастаткова пераканаўчыя. У любым выпадку, на флёце, дзе я вырас, вы ня хочаце нічога дарыць. Ударыць што-небудзь — кепска для вас... Ня маю ўяўленьня, чаму яны далі ўзнагароду за адвагу пілёту, які, у горшым выпадку, наўмысна ставіў пад небясьпеку сябе і маёмасьць ЗША, а ў лепшым выпадку быў проста ідыётам», — дадаў ён.
22 сакавіка міністар абароны Расеі Сяргей Шайгу ўручыў ордэны Мужнасьці пілётам самалётаў Су-27, якія перахапілі амэрыканскі дрон над Чорным морам 14 сакавіка. Паводле Шайгу, яны «папярэдзілі парушэньне межаў спэцапэрацыі амэрыканскім бесьпілётнікам».
Як сказаў адзін з узнагароджаных лётчыкаў, ён і ягоны калега па службе «выконвалі манэўры, якімі спрабавалі яго (бесьпілётнік. — РС) прымусіць спыніць выкананьне свайго заданьня. Зброю не выкарыстоўвалі, у кантакт не ўступалі».
Паводле вэрсіі ЗША, адзін з расейскіх самалётаў двойчы скінуў паліва перад дронам, а потым ударыў і пашкодзіў яго. Пасьля гэтага, як сьцьвярджаюць, амэрыканскія Вайскова-паветраныя сілы затапілі пашкоджаны дрон.
Эўрапейскае камандаваньне ЗША назвала дзеяньні расейскіх лётчыкаў «небясьпечным і непрафэсійным перахопам».