Беларускія ўлады выкарыстоўваюць пасярэдніцтва трэціх краін для абыходу заходніх санкцый, заявіў кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўленьня Павал Латушка на круглым стале «Санкцыйная палітыка ў дачыненьні да рэжыму Лукашэнкі: праблемы і эфэктыўнасьць», які праходзіць 22 сакавіка ў Варшаве, паведамляе BPN.
«Гэтую праблему можна вырашыць толькі шляхам устанаўленьня гандлёвых квотаў, зыходзячы з аб’ёму таваразвароту да пачатку вайны [ва Ўкраіне]», — лічыць палітык.
Таксама, на яго думку, санкцыі трэба структураваць, каб аблегчыць маніторынг іх выкананьня.
«Магчымасьці рэжыму па стварэньні фірмаў-аднадзёнак і фіктыўнай перадачы актываў перашкаджаюць эфэктыўнасьці санкцыяў», — зазначыў Павал Латушка.
Адной з праблем ён назваў адсутнасьць гарманізацыі санкцыяў супраць Беларусі і Расеі, што дае Беларусі магчымасьці абыходзіць іх праз Расею. «Гэтая законная кантрабанда выкарыстоўваецца для дастаўкі крытычных кампанэнтаў для вайскова-прамысловага комплексу абедзьвюх краін», — дадаў Латушка.
Акрамя таго, палітык адзначыў «прабелы ў сыстэме фінансавых разьлікаў», якія даюць рэжыму Лукашэнкі магчымасьць абыходзіць эканамічныя санкцыі.
Гаворачы пра пэрсанальныя санкцыі з боку ЭЗ і асобных дэмакратычных дзяржаў, Латушка зьвярнуў увагу на іх немаштабнасьць і наяўнасьць бюракратычных перашкодаў: «Нашы партнэры заяўляюць, што на ўвядзеньне пэрсанальных абмежаваньняў існуе негалосны ліміт: 5–10 чалавек, як было прапанавана ў апошні пакет ЭЗ, і ня больш. Хоць каманда НАУ прапанавала 340 прозьвішчаў».
У той жа час рэжым Лукашэнкі прызнае шкоду ад санкцыяў, адзначыў намесьнік кіраўніка Аб'яднанага пераходнага кабінэту.
«Нават беларуская статыстыка, якая мае ўсе падставы для перабольшваньня [рэальнасьці] з боку рэжыму, адлюстроўвае эфэкт ад іх. Ужо сёньня рэжым адчувае цяжкасьці з паступленьнем валюты. За 2022 год золатавалютныя рэзэрвы скараціліся на 500 млн даляраў», — сказаў ён.