Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Авіязносіны паміж Тэгеранам і Менскам могуць пагоршыць міграцыйны крызіс, — канцылярыя прэм’ера Польшчы


Узброены польскі памежнік (спераду) і беларускі памежнік (ззаду) стаяць каля групы мігрантаў, якія адпачываюць у імправізаваным лагеры на мяжы паміж Беларусьсю і Польшчай ва Уснары Горным, каля Беластока, на паўночным усходзе Польшчы, 20 жніўня 2021
Узброены польскі памежнік (спераду) і беларускі памежнік (ззаду) стаяць каля групы мігрантаў, якія адпачываюць у імправізаваным лагеры на мяжы паміж Беларусьсю і Польшчай ва Уснары Горным, каля Беластока, на паўночным усходзе Польшчы, 20 жніўня 2021

Беларусь і Расея працягваюць праводзіць «гібрыдную апэрацыю» з выкарыстаньнем мігрантаў, накіраваную на «дэстабілізацыю Эўропы», лічыць дзяржаўны сакратар канцылярыі прэмʼер-міністра Польшчы Станіслаў Жарын.

На ягоную думку, Менск і Масква «зацікаўленыя ў працягу гэтай дзейнасьці».

Жарын зьвярнуў увагу на тое, што рашэньне наладзіць прамыя авіязносіны паміж Беларусьсю і Іранам было прынятае пасьля нядаўняга візыту Аляксандра Лукашэнкі ў Тэгеран. Таксама, паводле яго інфармацыі, іранскі авіяперавозчык павялічыць колькасьць рэйсаў у Расею.

«Анансаванае адкрыцьцё новых рэйсаў з Тэгерана ў Беларусь... можа быць спробай запусьціць новы міграцыйны напрамак і прывесьці да актывізацыі гібрыднай апэрацыі з выкарыстаньнем мігрантаў», — мяркуе прадстаўнік канцылярыі польскага прэмʼера.

Хаця маршрут нелегальнай міграцыі з Беларусі ў Польшчу «цалкам кантралююцца і кіруюцца беларускімі спэцслужбамі», на думку Жарына, усё гэта «частка пляну Расеі ў дэстабілізацыі Эўропы і чарговы доказ арганізаванага характару апэрацый супраць Польшчы».

Ён сьцьвярджае, што РФ «ужо шмат гадоў» выкарыстоўвае «міграцыйны ціск» супраць краінаў ЭЗ. «Сцэнар справакаванай міграцыі апісваецца расейскімі стратэгамі як адзін з інструмэнтаў так званых актыўных мер неваеннай дзяржаўнай агрэсіі», — адзначыў чыноўнік.

Падчас візыту Лукашэнкі ў Іран 12–13 сакавіка была падпісана «дарожная мапа», якая прадугледжвае ўсебаковае супрацоўніцтва Менску і Тэгерана ў палітычнай, эканамічнай, консульскай, навукова-тэхнічнай сфэрах, а таксама ў сфэры адукацыі, культуры, мастацтва, СМІ і турызму.

Неўзабаве пасьля гэтага іранская авіякампанія Mahan Air абвясціла, што з 26 сакавіка пачне выконваць рэгулярныя рэйсы па маршруце Тэгеран — Менск — Тэгеран. Палёты плянуецца ажыцьцяўляць двойчы на тыдзень.

Ад пачатку года Польшча зафіксавала 4409 спробаў нелегальнага пранікненьня з боку Беларусі.

Міграцыйны крызіс на мяжы Беларусі і краінаў ЭЗ пачаўся вясной 2021 года. Спачатку шматразовае павелічэньне колькасьці нелегальных мігрантаў адчула Літва. Пасьля таго як Вільня прыняла рашэньне не затрымліваць мігрантаў, а вяртаць у Беларусь, плыні нелегалаў пераарыентаваліся на Польшчу, а затым на Латвію.

Да пачатку вайны ва Ўкраіне ў лютым 2022 года міграцыйныя плыні істотна скараціліся, але пасьля зноў вырасьлі.

Кіраўніцтва дзяржаў Балтыі і Польшчы ўсклала адказнасьць за міграцыйны крызіс на мяжы на афіцыйны Менск, той у адказ назваў прычынай крызісу дзеяньні Захаду ў краінах, адкуль прыбываюць мігранты.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG