Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Беларусі штабныя трэнаваньні будуць праводзіцца з улікам досьведу вайны ва Ўкраіне


Вайсковыя вучэньні ў Беларусі. 2017 год. Ілюстрацыйнае фота
Вайсковыя вучэньні ў Беларусі. 2017 год. Ілюстрацыйнае фота

Вучэньні будуць праходзіць у пунктах сталай дысьлякацыі войскаў.

Міністэрства абароны Беларусі паведаміла аб правядзеньні штабнога трэнаваньня па плянаваньні прымяненьня войскаў Паўночна-заходняга апэратыўнага камандаваньня ў абарончай апэрацыі.

Мэта трэнаваньня, якое праводзіцца згодна з плянам на 2023 год, — павышэньне ўзроўню зладжанасьці на этапе ўхваленьня рашэньня і плянаваньня абарончай апэрацыі.

Вучэньні будуць праходзіць у пунктах сталай дысьлякацыі войскаў.

«Трэнаваньне стане адным з этапаў падрыхтоўкі адказных асобаў органаў кіраваньня войскамі Паўночна-заходняга апэратыўнага камандаваньня, удасканаленьня іх прафэсійных навыкаў [...] на аснове аналізу вынікаў сучасных збройных канфліктаў, у тым ліку і спэцыяльнай ваеннай апэрацыі на тэрыторыі Ўкраіны», — адзначаецца ў паведамленьні Мінабароны Беларусі.

З пачатку расейскага ўварваньня ва Ўкраіну кіраўніцтва Беларусі падтрымала агрэсію Расеі супраць Украіны і дазволіла скарыстаць вайсковую інфраструктуру і паветраную прастору для ўварваньня расейскай арміі і абстрэлаў мірных гарадоў Украіны, ахвярамі якіх сталі дзясяткі тысяч цывільных украінцаў.

Нядаўна Аляксандар Лукашэнка заявіў, што Беларусь гатовая далучыцца да расейскай агрэсіі ва Ўкраіне ў выпадку ваеннага інцыдэнту на мяжы і ўварваньня ўкраінскіх салдатаў на беларускую тэрыторыю.

У лютым 2023 году ўрад Беларусі падрыхтаваў законапраект «Аб народным апалчэньні» — як заявіў Лукашэнка, гэта зроблена з улікам «нэгатыўнага ўкраінскага досьведу». У выпадку ваенных дзеяньняў, паводле Лукашэнкі, атрады народнага апалчэньня «могуць трансфармавацца ў партызанскі рух і стаць рэзэрвам для тэрытарыяльнай абароны». У народнае апалчэньне могуць увайсьці 100–150 тысяч чалавек, паведаміў міністар абароны Віктар Хрэнін, пры гэтым ён ня выключыў, што добраахвотнікаў можа быць болей.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG