Галоўнае ўпраўленьне выведкі Украіны лічыць, што ў СІЗА пад кіраўніцтвам Маскаленкі ўжываліся катаваньні.
Сьледчы камітэт Расеі распачаў крымінальную справу па факце забойства Маскаленкі. Раней, у верасьні мінулага году, Херсонская абласная пракуратура ад імя ўкраінскіх уладаў таксама распачала справу супраць Маскаленкі па падазрэньні ў калябарацыянізьме.
Украінскія СМІ называюць Маскаленку «арганізатарам катаваньняў». Паводле іх інфармацыі, 44-гадовы Маскаленка быў жыхаром Новай Кахоўкі і ўладальнікам мясцовай ахоўнай фірмы. Пасьля прыходу расейскіх войскаў пачаў зь імі супрацоўнічаць і атрымаў пасаду начальніка сьледчага ізалятара. У ім, па дадзеных ГУР, катавалі палонных украінскіх вайскоўцаў і падазраваных у супрацоўніцтве зь імі мірных жыхароў.
На акупаваных тэрыторыях Украіны часта адбываюцца замахі на чыноўнікаў, якія супрацоўнічаюць з прызначанай Расеяй уладай. 19 сакавіка ў Новакахоўскім гарадзкім аддзеле МУС у выніку выбуху аўтамабіля загінуў камандзір узводу патрульна-паставой службы, які супрацоўнічаў з расейскімі ўладамі.
За тыдзень да гэтага ў Новай Кахоўцы адбыўся замах на намесьніка кіраўніка прарасейскай адміністрацыі Віталя Гуру. Гура памёр ад кулявых раненьняў.