Ён ня выйшаў на волю пасьля 72 гадзінаў з моманту затрыманьня. Пра гэта паведаміла ў Фэйсбуку ягоная дачка Наста Манцэвіч.
«Што канкрэтна яму прад’яўляюць, невядома. Перадачу сёньня ўзялі», — напісала яна.
Раніцай 15 сакавіка адбыўся вобшук у доме галоўнага рэдактара «Рэгіянальнай газэты» Аляксандра Манцэвіча ў Вілейцы (Менская вобласьць). Зь ім і ягонай жонкай Нінай Манцэвіч зьнікла сувязь. Пасьля стала вядома, што Магцэвіч знаходзіцца ў ізалятары часовага ўтрыманьня.
- «Рэгіянальная газэта» — вядучае недзяржаўнае грамадзка-палітычнае выданьне Маладзечна і рэгіёна, якое выходзіла з 1996 года.
- 20 студзеня суд Маладзечанскага раёна прызнаў «экстрэмісцкімі матэрыяламі» кантэнт сайта і старонак «Рэгіянальнай газеты» у сацыяльных сетках.
- 15 сакавіка таксама прайшоў ператрус у рэдакцыі слуцкага выданьня «Інфа-Кур’ер», усіх прысутных пры ім змусілі даць падпіску аб неразгалошваньні. Затрымалі галоўнага рэдактара Сяргея Станкевіча, а таксама Глеба Рулёва і Алега Рубчэню. 17 сакавіка Сяргея Станкевіча і Алега Рубчэню асудзілі на 15 дзён арышту кожнага за нібыта непадпарадкаваньне пры затрыманьні.