«У сьвеце, дзе мужчыны аб’яўляюцца жанчынамі, а малдаўская мова румынскай, можна, вядома, і дакумэнты ня здолець прачытаць. Але ўсё ж украінскі бок празь беларускіх калег быў праінфармаваны пра 60 дзён, як і турэцкі, а таксама генэральны сакратар ААН [Антоніу Гутэрыш]», — напісала Захарава, якую цытуе расейскае агенцтва TASS.
Захарава дала спасылку на Telegram-канал «Дипломатический источник», дзе быў апублікаваны ліст пасольства Расеі ў Беларусі, адрасаваны пасольству Ўкраіны ў гэтай краіне. У лісьце паведамляецца, што расейскі бок ня супраць падаўжэньня збожжавай угоды на 60 дзён. Дакумэнт датаваны 13 сакавіка 2023 года.
А міністар інфраструктуры Ўкраіны Аляксандр Кубракоў напісаў у твітары, што дамоўленасьць падоўжана на 120 дзён — на той жа тэрмін, што і пры першым падаўжэньні восеньню.
Пра тое, што так званая Чарнаморская збожжавая ініцыятыва, тэрмін дзеяньня якой заканчваўся сёньня, падоўжаная, гаворыцца ў распаўсюджанай у суботу заяве прадстаўніка генэральнага сакратара ААН Стэфана Дзюжарыка. Аб падаўжэньні ўгоды заявіў таксама прэзыдэнт Турцыі Рэджэп Эрдаган.
Угода, заключаная летам мінулага года з удзелам Расеі, Украіны, Турцыі і ААН, дазваляе вывозіць прадукты харчаваньня і ўгнаеньні зь некалькіх украінскіх партоў — нягледзячы на вайну і абмежаваньне навігацыі ў Чорным моры. ААН падкрэсьлівае, што рэалізацыя гэтай ініцыятывы «дапамагла зьнізіць сусьветныя цэны на прадукты харчаваньня і стабілізаваць рынкі», і асабліва пазытыўна адбілася на самых бедных краінах.