Пра гэта напісаў расейскі губэрнатар гораду Міхаіл Разважаеў. Пасьля паведамленьне зьявілася на сайце Крамля.
Гэта першы прыезд Пуціна ў Крым з пачатку поўнамаштабнага ўварваньня Расеі ва Ўкраіну ў лютым мінулага года. Пуцін прыехаў у Крым у дзявятую гадавіну анэксіі паўвострава, мінулым разам ён там, паводле афіцыйных зьвестак, быў у лістападзе 2021 года, а ў гадавіну анэксіі прыехаў упершыню з 2020-га, у мінулым і пазамінулым гадах ён 18 сакавіка быў у Маскве.
Разважаеў напісаў у тэлеграме, што прыезд Пуціна ня быў заплянаваны і што прэзыдэнт «умее зьдзіўляць», і што Пуцін прыехаў «за рулём». Адкуль Пуцін прыехаў і як ён трапіў у Крым, паветраная прастора над якім закрытая, не ўдакладніў.
На апублікаваным відэа Пуцін не выступае зь якімі-небудзь палітычнымі заявамі, толькі камэнтуе тое, што яму паказваюць суправаджаючыя.
Раней шэраг заходніх краін раней выступіў з заявамі, прысьвечанымі гадавіне анэксіі Расеяй Крыма, нагадаўшы, што не прызнаюць яе і лічаць супрацьпраўнай.
Уладзімір Пуцін афіцыйна аб’явіў аб анэксіі Крыма 18 сакавіка 2014 года ў Маскве. Двума днямі раней на паўвостраве насуперак украінскаму заканадаўству прайшоў не прызнаны Украінай і большасьцю краін сьвету рэфэрэндум аб далучэньні да Расеі. У гэты час паўвостраў ужо быў пад кантролем расейскага войска, якое ўзяло ключавыя абʼекты Крыма пад кантроль у канцы лютага. Расейскія ўлады спачатку адмаўляліся прызнаваць, што ўзброеныя людзі зьяўляюцца вайскоўцамі расейскага войска. Пазьней Пуцін прызнаў, што гэта былі расейскія вайскоўцы.
Краіны Захаду і міжнародныя арганізацыі прызналі акупацыю і анэксію Крыма незаконнымі і асудзілі дзеяньні Расеі. Масква заяўляе аб «узьяднаньні» Крыма з Расеяй. У Маскве ў гэтым годзе не праводзіцца маштабных мерапрыемстваў у гонар гадавіны.