Па 10 гадоў калёніі агульнага рэжыму прысудзілі Валерыі Касьцюговай і Тацяне Кузінай, паведаміў БАЖ.
Суд над Касьцюговай і Кузінай распачаўся 6 лютага ў Менску. Шостага сакавіка пракурор запрасіў для іх па 10 гадоў зьняволеньня.
Палітзьняволеных Валерыю Касьцюгову і Тацяну Кузіну абвінавачваюць паводле трох артыкулаў Крымінальнага кодэксу:
- «Дапамога дзеяньням, учыненым з мэтай захопу ўлады»,
- «Заклікі да дзеяньняў, накіраваных на прычыненьне шкоды нацыянальнай бясьпецы»,
- «Распальваньне іншай сацыяльнай варожасьці».
Сайт Sympa-by.eu апублікаваў прамову экспэрткі Тацяны Кузінай, якую яна прамовіла замест апошняга слова 13 сакавіка 2023 году ў Менскім гарадзкім судзе.
«У мяне было больш за паўтара года на разважаньні і спробы знайсьці нейкія адказы на пытаньні пра тое, ці зьяўляецца палітычная барацьба і палітычная канкурэнцыя абавязковай змовай, і ці павінны бакі і ўдзельнікі гэтай палітычнай барацьбы абавязкова інтэрпрэтаваць дзеяньні сваіх супернікаў як змову з мэтай захопу дзяржаўнай улады, як ідэалягічную варожасьць?
Ці варта мне тлумачыць сваю экспэртную пазыцыю па санкцыях, якая не мяняецца ўжо больш за 10 гадоў і не зьяўляецца таямніцай у экспэртнай супольнасьці? І ў цэлым палягае ў тым, што дадзены інструмэнт не зьяўляецца эфэктыўным, бо асабістыя санкцыі кансалідуюць групу, супраць якой яны ўводзяцца, а сэктаральныя санкцыі наносяць шкоду і ўплываюць на падзеньне ўзроўню жыцьця людзей, якія жывуць у краіне, а таксама ўзмацняюць залежнасьць нашай эканомікі ад адной крыніцы...
Улічваючы, што я зьяўляюся на сёньняшні момант, напэўна, самым пераацэненым прадстаўніком экспэртнай супольнасьці ў Беларусі, таму што за 340 слоў — „значных слоў“, выяўленых у чаце абвінавачваньнем, — запытана 120 месяцаў пазбаўленьня волі. Гэта значыць, за кожнае слова ёсьць запыт на 2.5 месяца, у прынцыпе, жыцьця. І, напэўна, таму я не буду прамаўляць сваё апошняе слова».
Валерыя Касьцюгова — палітоляг, заснавальніца і рэдактарка сайту экспэртнай супольнасьці «Наше мнение», рэдактарка і аўтарка «Белорусского ежегодника» і кіраўніца групы экспэртаў маніторынгу «Беларусь у фокусе». Яе затрымалі 30 чэрвеня 2021 году.
Тацяна Кузіна працавала ў ЭГУ, была каардынатаркай франка-беларускага факультэту палітычных і адміністрацыйных навук, кіравала аддзелам грамадзкіх і замежных сувязяў, была выканаўчай дырэктаркай Беларускага інстытуту стратэгічных дасьледаваньняў (BISS), таксама ў розныя гады супрацоўнічала з многімі навукова-дасьледчымі цэнтрамі і арганізацыямі грамадзянскай супольнасьці.
Тацяна Кузіна брала ўдзел у дасьледаваньні пра ўдзел грамадзян у грамадзкіх абмеркаваньнях, аналізавала электронныя пэтыцыі ў кантэксьце правоў чалавека.