Праваабаронца расказвае пра апублікаванае расьсьледаваньне аб масавых катаваньнях затрыманых у турме на Акрэсьціна ў Менску 9-14 жніўня 2020 году, пра дакумэнтаваньне цяперашніх катаваньняў. Усьцінаў пералічвае адказных за катаваньні і тлумачыць, якім чынам іх можна прыцягнуць да адказнасьці за злачынствы супраць чалавечнасьці.
Глядзіце размову на відэа цалкам
Тут фрагмэнты размовы
Пра наступны крок пасьля публікацыі расьсьледаваньня
— У Беларусі не заведзена ніводнай крымінальнай справы па фактах катаваньняў пратэстоўцаў. Прыцягненьне вінаватых да адказнасьці пры дзейным рэжыме немагчымае. Мы спрабуем запусьціць мэханізм унівэрсальнай юрысдыкцыі ў іншых краінах. Такое расьсьледаваньне ўжо вядзецца ў Літве, мы дапамагаем у ім. У любым выпадку сабраныя намі доказы спатрэбяцца ў будучыні, паколькі рана ці позна рэжым зьменіцца і гэта будзе карысная інфармацыя для сьледчых органаў.
Міжнародны камітэт расьсьледаваньня катаваньняў у Беларусі — гэта ініцыятыва, створаная пасьля жніўня 2020 году, у якую ўваходзяць беларускія, украінскія, міжнародныя арганізацыі. Мы займаемся зборам сьведчаньнем, дакумэнтаваньнем, такімі расьсьледаваньнямі займаемся, каб гэтыя ўсе злачынствы нікуды ня зьніклі, былі зафіксаваныя, захоўваліся, і ў будучыні на падставе гэтага вінаватых прыцягнулі да адказнасьці.
Пра злачынствы супраць чалавечнасьці
— Экспэрты Міжнароднага камітэту расьследаваньня катаваньняў у Беларусі зрабілі высновы, што сілавікі рэжыму, амапаўцы, супрацоўнікі Цэнтру ізаляцыі правапарушальнікаў на Акрэсьціна, іншыя сілавікі, якія знаходзіліся на тэрыторыі ЦІП, учынялі злачынства супраць чалавечнасьці. У расьсьледаваньні адзначана, што па сёньняшні дзень гэтыя злачынства учыняюцца, людзі знаходзяцца за кратамі ў катавальных ўмовах і па сёньняшні дзень іх катуюць.
Міжнародны камітэт расьсьледаваньня катаваньняў у Беларусі бесьперапынна працуе ад жніўня 2020 году. Мы дакумэнтуем як злачынствы жніўня, так і злачынствы падчас прэзыдэнцкай кампаніі, і да сёньняшняга дня ўсе злачынствы фіксуюцца. Па нашых дадзеных, у ізалятарах часовага ўтрыманьня ЦІП ня толькі ў Менску, але і ў рэгіёнах, для палітычных зьняволеных мэтанакіравана ствараюцца ўмовы катаваньняў. Нядаўна задакумэнтавалі расповед былога вязьня, ён расказаў, што ў двухмеснай камэры ўтрымлівалі 20 чалавек, у камэры адключалі ацяпленьне, матрацаў не было, людзі спалі на падлозе. Людзей двойчы за ноч будзілі, прымушалі ўстаць і назваць імёны. Людзі грэліся некалькімі бутэлькамі, у якія набіралі цёплую ваду з крана.
Пра сьмяротную кару за катаваньні
— Забарона на катаваньні носіць абсалютны характар у міжнародным праве. Гэта злачынства такой цяжкасьці, за якое амністыя не дапускаецца. За гэта людзей могуць пакараць і праз 10, і праз 15 гадоў. У краінах ЭЗ не прадугледжаная сьмяротная кара, а ў адпаведнасьці з артыкулам 128 Крымінальнага кодэксу Беларусі нават сьмяротнае пакараньне прадугледжана за злачынства супраць чалавечнасьці. А гэта тое, што адбывалася ў жніўні 2020 году і што адбываецца па сёньня ў Беларусі.