Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вынесьлі выракі ў «справе Tut.by» Марыне Золатавай і Людміле Чэкінай: па 12 гадоў зьняволеньня


Марына Золатава і Людміла Чэкіна ў судзе за шклом у кайданках. Менск, 17 сакавіка 2023. Скрыншот
Марына Золатава і Людміла Чэкіна ў судзе за шклом у кайданках. Менск, 17 сакавіка 2023. Скрыншот

Справу Tut.by пачалі разглядаць 9 студзеня ў Менскім гарадзкім судзе. Працэс праходзіў ў закрытым рэжыме.

Фігурантамі справы Tut.by зьяўляюцца галоўная рэдактарка выданьня Марына Золатава, былая генэральная дырэктарка Людміла Чэкіна, якія знаходзяцца пад вартай, а таксама Вольга Лойка, Алена Талкачова і Кацярына Ткачэнка, якім раней зьмянілі меру стрыманьня (на судзе іх не было, бо цяпер яны за мяжой).

Працэс вяла судзьдзя Валянціна Зянькевіч. Суд у закрытым рэжыме цягнуўся больш за два месяцы — агулам прайшло 37 пасяджэнняў. Як паведамляе «Вясна», 17 сакавіка кіраўніцам і журналісткам выданьня судзьдзя Зянькевіч прысудзіла наступныя тэрміны пакараньня:

  • Марыне Золатавай — 12 гадоў калёніі,
  • Людміле Чэкінай — 12 гадоў калёніі.

Крымінальная справа ў дачыненьні да трох іншых абвінавачаных – рэдактаркі палітыка-эканамічнага блёку ​Вольгі Лойка, журналісткі Алены Талкачовай і юрысконсульта Кацярыны Ткачэнка – прыпынена вытворчасьцю па справе да іх вышуку, паведаміла БелТА.

Стала вядома імя пракуроркі па «справе Tut.by, гэта Тацяна Гракун, якая пасьля суду дала камэнтар праўладным СМІ.

Золатава і Чэкіна былі ў кайданках падчас абвяшчэння прысуду, як і праваабаронцы Алесь Бяляцкі, Валянцін Стэфановіч і Ўладзімер Лабковіч.

У чым абвінавацілі фігурантак справы?

Людмілу Чэкіну абвінавацілі паводле трох артыкулаў Крымінальнага кодэксу:

  • ч. 2 арт. 243 (ухіленьне ад выплаты сумаў падаткаў, збораў у асабліва буйным памеры);
  • ч. 4 арт. 16, ч. 3 арт. 130 (арганізацыя наўмысных дзеяньняў, скіраваных на распальваньне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай альбо іншай сацыяльнай варожасьці па прыкмеце расавай, нацыянальнай, рэлігійнай, моўнай ці іншай сацыяльнай прыналежнасьці, якія ўчыненыя групай асобаў або пацягнулі цяжкія наступствы);
  • ч. 4 арт. 16, ч. 3 арт. 361 (кіраўніцтва заклікамі да дзеяньняў, скіраваных на нанясеньне шкоды нацыянальнай бясьпецы Рэспублікі Беларусь, учыненае з выкарыстаньнем сродкаў масавай інфармацыі або глябальнай кампутарнай сеткі інтэрнэт)
Людміла Чэкіна, архіўнае фота
Людміла Чэкіна, архіўнае фота

Генэральная дырэктарка «Тут Бай Медыа» Людміла Чэкіна нарадзілася ў 1978 годзе ў расейскім Сергіевым Пасадзе. Бацька Людмілы — вайсковец, яе сям’я шмат разоў пераяжджала і яшчэ да распаду Савецкага Саюзу асела ў Жодзіне. Людміла скончыла спачатку юрыдычны тэхнікум з чырвоным дыплёмам, пасьля юрыдычны факультэт БДУ.

У 2008 годзе стала юрысконсультам кампаніі «Надзейныя сыстэмы» — яе прывёў у калектыў заснавальнік Tut.by Юры Зісер.

У 2012-м Чэкіну прызначылі генэральным дырэктарам «Надзейных сыстэм». Яна скончыла курс Executive MBA у бізнэс-школе ІПМ. У 2017-м узначаліла «Тут Бай Медыа».

Марыну Золатаву абвінавацілі паводле:

  • ч. 2 арт. 243 (ухіленьне ад выплаты сумаў падаткаў, збораў у асабліва буйным памеры);
  • ч. 3 арт. 130 (распальваньне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай альбо іншай сацыяльнай варожасьці па прыкмеце расавай, нацыянальнай, рэлігійнай, моўнай ці іншай сацыяльнай прыналежнасьці, якое ўчыненае групай асобаў або пацягнула цяжкія наступствы);
  • ч. 3 арт. 361 (заклікі да дзеяньняў, скіраваных на нанясеньне шкоды нацыянальнай бясьпецы Рэспублікі Беларусь, учыненыя з выкарыстаньнем сродкаў масавай інфармацыі або глябальнай кампутарнай сеткі інтэрнэт).
Марына Золатава, архіўнае фота
Марына Золатава, архіўнае фота

Марыне Золатавай 45 гадоў. Яна нарадзілася ў Менску, скончыла ліцэй БДУ, філфак БДУ і асьпірантуру Інстытуту мовазнаўства. Дасканала ведае баўгарскую мову.

У журналістыку прыйшла ў 19 гадоў яшчэ студэнткай — спачатку на Радыё 101,2 FM, затым працавала ў інфармацыйным агенцтве БелаПАН. У 2004 годзе прыйшла на Tut.by — тады сайт быў агрэгатарам навінаў, туды быў патрэбны галоўны рэдактар. Дзякуючы шмат у чым Марыне Золатавай Tut.by стаў самым папулярным інтэрнэт-парталам краіны.

Галоўная рэдактарка Тut.by мае прэстыжныя журналісцкія прэміі: у 2018-м яна была «Чалавекам году» па вэрсіі «Нашай Нівы», мае прэмію «Гонар журналістыкі» імя Алеся Ліпая (2019 год), узнагароду «Reporter:innenpreis 2021», якую штогод уручае Форум рэпартэраў Нямеччыны.

Людмілу Чэкіну і Марыну Золатаву праваабаронцы прызналі палітвязьнямі.

Як працаваў Tut.by у 2020 годзе

Партал Tut.by прапрацаваў у Беларусі больш за 20 гадоў. 18 траўня 2021 году рашэньнем Міністэрства інфармацыі доступ да рэсурсу быў абмежаваны. У той жа дзень ранкам у рэдакцыі Tut.by зьявіліся сілавікі, а 15 яго дзейных і былых супрацоўнікаў трапілі за краты.

Беларускія чыноўнікі нават вышэйшага ўзроўню лічылі за гонар даць інтэрвію журналістам Tut.by. Папулярных карэспандэнтаў і кіраўнікоў партала запрашалі на прыёмы, прэзэнтацыі, імпрэзы. Марына Золатава разам зь некалькімі іншымі журналістамі незалежных беларускіх СМІ брала інтэрвію ў Алясандра Лукашэнкі ў 2015 годзе.

У траўні 2020 году, калі пачалася перадвыбарчая прэзыдэнцкая кампанія, а разам зь ёю перасьлед апазыцыйных кандыдатаў, Tut.by пабіў агульнанацыянальны рэкорд: 176 мільёнаў наведваньняў цягам месяца на ўсе старонкі сайту.

У апошнія дні перад закрыцьцём сайт наведвалі 3,3 мільёна ўнікальных карыстальнікаў у дзень — кожны трэці жыхар Беларусі (згодна з дасьледаваньнем кампаніі Gemius, праведзеным у красавіку 2021 году). У кампаніі працавалі каля 200 супрацоўнікаў, больш за 70 — у рэдакцыі сайта.

Як перасьледвалі Tut.by

  • Пасьля пачатку пратэстаў у жніўні 2020 году журналістаў Tut.by затрымлівалі 38 разоў. Кацярыну Барысевіч асудзілі на 6 месяцаў зьняволеньня за праўдзівую публікацыю пра тое, што забіты Раман Бандарэнка з «плошчы Перамен» быў цьвярозы.
  • Летам 2020 году нарадзіўся сумны жарт «Ва ўсім вінаваты Tut.by».
  • 18 траўня 2021 году рашэньнем Мінінфармацыі Tut.by быў заблякаваны (фармальная падстава — згадваньне фонду BySol).
  • У той жа дзень завялі крымінальную справу ў дачыненьні да кіраўніцтва парталу аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры.
  • Арыштавалі і зьмясьцілі ў СІЗА 15 чалавек: галоўную рэдактарку сайта Марыну Золатаву; гендырэктарку Tut.by Людмілу Чэкіну і двух яе намесьнікаў; рэдактарку аддзелу палітычных і эканамічных навінаў Вольгу Лойку; журналістку разьдзелу «Грошы і ўлада» Алену Талкачову; галоўнага інжынэра Алу Лапатку; бухгальтараў, юрыстаў, іншых супрацоўнікаў.
  • Нават удава заснавальніка Tut.by Юрыя Зісера Юлія Чарняўская была пад хатнім арыштам. Частку фігурантаў справы цягам году вызвалілі, некаторых ужо асудзілі.
  • Летам 2021 году Tut.by выключылі з складу рэзыдэнтаў Парку высокіх тэхналёгій.
  • 13 жніўня 2021 году суд Цэнтральнага раёну Менску прызнаў інфармацыйную прадукцыю і сацыяльныя сеткі Tut.by і новага праекту тутбаеўцаў Zerkalo.io экстрэмісцкімі.
  • Цяпер абвінавачаных пяцёра. Пад вартай утрымліваюць былых галоўную рэдактарку парталу Марыну Золатаву і генэральную дырэктарку Людмілу Чэкіну.
  • Журналісткам Вользе Лойцы, Алене Талкачовай і юрыстцы Кацярыне Ткачэнцы ўвесну 2022 году зьмянілі меру стрыманьня, яны на волі.

Пра перасьлед Tut.by

  • 18 траўня офіс рэдакцыі быў заблякаваны за публікацыю «забароненай заканадаўствам інфармацыі», туды прыйшлі супрацоўнікі ДФР. Пазьней у ведамстве паведамілі, што на службовых асобаў завялі крымінальную справу за ўхіленьне ад выплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. На думку сілавікоў, рэзыдэнт Парку высокіх тэхналёгій атрымаў выручку, не абумоўленую дзейнасьцю, дазволенай для рэзыдэнтаў.
  • У справе затрымалі агулам 15 чалавек: кіраўнікі, журналісты і іншы пэрсанал мэдыйнага парталу Tut.by (Людміла Чэкіна, Марына Золатава, Вольга Лойка, Ірына Рыбалка, Алена Талкачова, Анжэла Асад, Марыя Новік, Ала Лапатка, Аляксандра Дайнека, Андрэй Аўдзееў, Дар'я Данілава, Кацярына Ткачэнка і Ірына Касьцючэнка), а таксама генэральны дырэктар Hoster.by Сяргей Павалішаў (вызвалілі 1 верасьня) і ўдава заснавальніка Tut.by Юлія Чарняўская. Праваабаронцы прызналі іх палітвязьнямі.
  • Удава заснавальніка парталу Юрыя Зісера Юлія Чарняўская цяпер пад хатнім арыштам, два дні пасьля затрыманьня пра яе не было нічога вядома, яна перанесла гіпэртанічны крыз і была на нейкі час шпіталізаваная.
  • Сам сайт Tut.by заблякаваны рашэньнем Мінінфармацыі.
  • У сьнежні 2020 году Tut.by на патрабаваньне Міністэрства інфармацыі пазбавілі статусу СМІ. Падставай сталі раней вынесеныя папярэджаньні да матэрыялаў аб правядзеньні прэзыдэнцкіх выбараў, дзейнасьці Камітэту дзяржаўнага кантролю, беларускай мытні і г.д.
  • Увечары 27 чэрвеня партал выдаліў з сацыяльных сетак усе допісы за апошнія паўтара года.
  • 13 жніўня Суд Цэнтральнага раёну Менску прызнаў інфармацыйную прадукцыю і сацыяльныя сеткі Tut.by і новага праекту тутбаеўцаў Zerkalo.io экстрэмісцкімі.
  • 7 кастрычніка Сьледчы камітэт паведаміў пра новую крымінальную справу супраць тутбаеўцаў — за распальваньне варожасьці, учыненае групай асобаў (ч. 3 арт. 130). Максымальная санкцыя па гэтым артыкуле — 12 гадоў зьняволеньня.
  • Справу Tut.by пачалі разглядаць 9 студзеня 2023 ў Менскім гарадзкім судзе. Працэс праходзіў ў закрытым рэжыме, яго ўзначальвала судзьдзя — Валянціна Зянькевіч.
  • На лаве падсудных знаходзіліся галоўная рэдактарка выданьня Марына Золатава, былая генэральная дырэктарка Людміла Чэкіна. Яшчэ тры фігуранткі справы, якім раней зьмянілі меру стрыманьня, – Вольга Лойка, Алена Талкачова і Кацярына Ткачэнка – на судзе не прысутнічалі, яны жывуць за мяжой.
  • 17 сакавіка Марыне Золатавай і Людміле Чэкінай прысудзілі па 12 гадоў калёніі кожнай.
  • 15 красавіка генэральны дырэктар Hoster.by Сяргей Павалішаў напісаў, што ўлады памілавалі дзевецярых фігурантаў справы пасьля пададзенага ў сьнежні прашэньня аб памілаваньні. Партал Zerkalo.io паведаміў, што мае інфармацыю аб тым, што агулам ад крымінальнай адказнасьці вызвалілі 9 чалавек.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG