Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мінабароны Беларусі абвясьціла другія за месяц зборы вайсковаабавязаных


Беларускія вайсковыя вучэньні. Ілюстрацыйнае фота
Беларускія вайсковыя вучэньні. Ілюстрацыйнае фота

Гэта другія вайсковыя зборы ў 2023 годзе. Папярэднія праходзілі з 6 лютага да 7 сакавіка пры ўдзеле 500 грамадзян.

Міністэрства абароны Беларусі паведаміла, што цягам сакавіка правядуць плянавы прызыў ва Ўзброеныя сілы вайсковаабавязаных на зборы.

«У часе збораў вайсковаабавязаныя павысяць свае прафэсійныя веды, азнаёмяцца з новымі ўзорамі ўзбраеньня, вайсковай і спэцыяльнай тэхнікі, возьмуць удзел у сплянаваных трэніроўках і вучэньнях», — адзначаецца ў паведамленьні Мінабароны Беларусі.

Гэта ўжо другія вайсковыя зборы ў 2023 годзе. Папярэднія праходзілі з 6 лютага да 7 сакавіка пры ўдзеле 500 грамадзян. Тады ў першую чаргу прызываліся спэцыялісты сувязі. Таксама на зборы прыцягнулі 27 адзінак цывільнай тэхнікі.

У Беларусі цягам 2022 году практычна бесьперапынна адбываюцца вайсковыя вучэньні. Летась увосень у Беларусі адбыўся восеньскі прызыў на тэрміновую службу, аднак, як пераконвала Міністэрства абароны, ён праходзіў безь якіх-небудзь зьмен і згодна з заканадаўствам.

10 сакавіка Аляксандар Лукашэнка падпісаў указ № 66 «Аб прызыве афіцэраў запасу на вайсковую службу», паведаміла ягоная прэсавая служба.

Указам прадугледжана прызваць у 2023 годзе ва Ўзброеныя сілы да 230 грамадзян мужчынскага полу ва ўзросьце да 27 гадоў і ў органы памежнай службы — да 20 чалавек, якія прайшлі навучаньне па праграмах падрыхтоўкі афіцэраў запасу на вайсковых катэдрах або факультэтах і маюць воінскае званьне афіцэраў.

Паводле прэсавай службы Лукашэнкі, рэалізацыя ўказу «дасьць магчымасьць павысіць узровень укамплектаванасьці першасных воінскіх пасад афіцэрскага складу ва Ўзброеных сілах, забясьпечыць якасную падрыхтоўку мабілізацыйнай рэзэрвы».

Мінабароны Беларусі шмат разоў абвяргала зьвесткі пра магчымую мабілізацыю ў сувязі з вайной Расеі ва Ўкраіне, заяўляючы, што беларускія ваенкаматы праводзяць толькі плянавыя праверкі сьпісаў прызыўнікоў.

Кіраўніцтва Беларусі падтрымала агрэсію Расеі супраць Украіны і дазволіла скарыстаць вайсковую інфраструктуру і паветраную прастору для ўварваньня расейскай арміі і абстрэлаў мірных гарадоў Украіны, ахвярамі якіх сталі дзясяткі тысяч цывільных украінцаў.

Расейскія вайскоўцы праходзяць у Беларусі навучаньне на палігонах перад адпраўкай на вайну з Украінай. З 25 лютага зь Беларусі на акупаваную Расеяй частку ўкраінскага Данбасу адправілі 5 эшалёнаў з расейскімі салдатамі і вайсковай тэхнікай.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG