Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сэйм Літвы прызнаў ПВК «Вагнэр» тэрарыстычнай арганізацыяй


Кіраўнік ПВК «Вагнэр» Яўген Прыгожын
Кіраўнік ПВК «Вагнэр» Яўген Прыгожын

У рэзалюцыі падкрэсьліваецца, што вайсковая кампанія «Вагнэр», заснаваная набліжаным да прэзыдэнта Расеі Яўгеніем Прыгожыным, зьяўляецца ценявым інструмэнтам расейскай улады.

Сэйм Літвы ухваліў пастанову аб прызнаньні расейскай прыватнай вайсковай кампаніі «Вагнэр» тэрарыстычнай арганізацыяй, пра гэта паведамляе агенцтва BNS.

У прынятай 14 сакавіка пастанове гаворыцца, што расейская прыватная вайсковая кампанія «Вагнэр» зьяўляецца тэрарыстычнай арганізацыяй, а яе ўдзельнікі і найміты ўяўляюць пагрозу бясьпецы дзяржавы і грамадзтва. Разам з тым парлямэнт Літвы рашуча асудзіў выкарыстаньне любых груповак наймітаў, такіх як «Вагнэр», створаных пры падтрымцы расейскіх уладаў, для зьдзяйсненьня злачынстваў агрэсіі ва Ўкраіне.

За пастанову Сэйму аднагалосна прагаласавалі 117 дэпутатаў.

«З пачатку ваеннага ўварваньня Расейскай Фэдэрацыі ва Ўкраіну ў 2022 годзе вайскоўцы Расейскай Федэрацыі і найміты ПВК „Вагнэр“, якая прымае актыўны ўдзел у баявых дзеяньнях на баку агрэсара, зьдзяйсьнялі сыстэматычныя цяжкія злачынствы агрэсіі — забойства і катаваньне мірнага насельніцтва Ўкраіны, бамбаваньне жылых дамоў і іншых цывільных аб’ектаў, што прыраўноўваецца да тэрарызму», — гаворыцца ў прынятым дакумэнце.

У рэзалюцыі Сэйму падкрэсьліваецца, што прыватная вайсковая кампанія «Вагнэр», заснаваная набліжаным да прэзідэнта РФ Яўгеніем Прыгожыным, зьяўляецца ценявым інструмэнтам расейскай улады.

Па словах аднаго з ініцыятараў рэзалюцыі Лаўрынса Кашчунаса, такія кампаніі ўсё часьцей выкарыстоўваюцца Расеяй у ваенных канфліктах:

«Толькі што прадстаўленая публічная ацэнка пагроз нашых літоўскіх спэцслужбаў сьцьвярджае, што такія прыватныя вайсковыя і ахоўныя кампаніі могуць мець магчымасьць праводзіць абмежаваныя апэрацыі супраць Літвы», — сказаў палітык.

Прынятая рэзалюцыя заклікала іншыя краіны прызнаць расейскую прыватную вайсковую кампанію «Вагнэр» тэрарыстычнай арганізацыяй. Сейм таксама падкрэсьлівае неабходнасьць прыняцьця Літвой закону аб прадухіленьні тэрарызму, які прадугледжвае канкрэтныя крытэрыі, на падставе якіх урад або ўпаўнаважаная ім установа будзе зацьвярджаць сьпіс тэрарыстычных арганізацый, а таксама санкцыі, вызначаныя ў дзейных законах.

Нагадаем, урад Італіі абвінаваціў групоўку «Вагнэр» ў павелічэньні колькасьці лодак зь нелегальнымі мігрантамі ў Міжземным моры, што зьяўляецца часткай стратэгіі Масквы атрымаць рэванш у краінах, якія падтрымліваюць Украіну.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG