У Горадзенскім абласным судзе 13 сакавіка пачаўся працэс у справе Мікалая Куляшова, Аніты Бакуновіч і Ягора Курзіна, якіх затрымалі ў верасьні мінулага году пры спробе нелегальна перасячы мяжу зь Літвой, паведамляе праваабарончы цэнтар «Вясна».
Аніта Бакуновіч была ў чэрвені 2022 году асуджаная на два гады «хатняй хіміі». У верасьні летась яна паспрабавала ўцячы зь Беларусі. Яе затрымалі пры спробе перайсьці мяжу. Цяпер ёй выставілі абвінавачаньні паводле артыкулаў за ўдзел у экстрэмісцкім фармаваньні і замах на незаконнае перасячэньне мяжы.
Другі абвінавачаны Мікалай Куляшоў абвінавачваецца па артыкуле за наўмыснае незаконнае перасячэньне, зробленае арганізаванай групай, замах на зьдзяйсненьне такой дзеі, удзел у экстрэмісцкім фармаваньні, крадзяжы асабістых дакумэнтаў і замаху на падробку дакумэнтаў. Як вынікала зь фільма, паказанага па дзяржаўнай тэлевізіі, летась Куляшоў нібыта супрацоўнічаў зь літоўскай арганізацыяй «Дапамога», якая займаецца дапамогай палітычным уцекачам.
Куляшову і Бакуновіча прызналі палітвязьнямі.
Яшчэ адзін фігурант Ягор Курзін. Яму выставілі абвінавачаньне ў замаху на незаконнае перасячэньне мяжы і ўхіленьні ад мерапрыемстваў прызыву на вайсковую службу. У фільме дзяржТВ ён расказваў, што нібыта выдумаў гісторыю пра палітычны перасьлед, каб не ісьці ў войска пасьля адлічэньня з БДУІР.