У інтэрвію LIGA. net. амбасадар Украіны ў Беларусі Ігар Кізім пракамэнтаваў дывэрсію ў Мачулішчах, адзначыўшы, што спэцслужбы сёньня — гэта галоўны голас у беларускай палітыцы.
Ігар Кізім упэўнены, што падзеі вакол здарэньня ў Мачулішчах будуць разьвівацца так, як абяцаў Лукашэнка:
«Апазыцыя і партызаны існуюць. Гэта праўда. Калі Лукашэнка даў указаньне ўсіх шукаць і караць, значыць, так усё і будзе»,— адзначыў амбасадар.
Амбасадар Кізім заявіў, што беларуская прапаганда звычайна падае раскрыцьцё падобных спраў як дасягненьне спэцслужбаў. Хоць фільмы, якія расказваюць аб дэталях такіх «спэцапэрацый», «нічога, акрамя сьмеху, не выклікаюць», лічыць Кізім:
«Яны павінны нешта рабіць, даказваць сваю карыснасьць. Усё пабудавана на тым, што спэцслужбы сёньня маюць асноўны голас у беларускай палітыцы», — кажа Ігар Кізім.
Ён шчыра прызнаецца, што сам «не ў захапленьні ад прафэсіяналізму беларускіх спэцслужбаў». І тут жа прыводзіць некалькі аргумэнтаў:
«Дазволю сабе крыху ў бок пайсьці. Ведаеце, дзіўная справа атрымліваецца. Расейскі самалёт быў пашкоджаны пры нападзе з тэрыторыі Беларусі. У Чыкаскай канвэнцыі вайсковыя паветраныя судны маюць прынцып экстэрытарыяльнасьці — фактычна гэты самалёт зьяўляецца тэрыторыяй Расеі, і з тэрыторыі Беларусі адбыўся напад на тэрыторыю Расеі.
Я карыстаюся тут лёгікай беларускага кіраўніцтва. І калі браць яе, то ніякага нападзеньня з тэрыторыі Ўкраіны не было. А калі б нават і было, то ў нас ёсьць поўнае права — мы ж бʼём па тэрыторыі Расеі», — адзначыў дыплямат.
Кізім не згадаў пра тое, ці мелі магчымасьць прадстаўнікі пасольства сустрэцца з падазраваным у падрыве расейскага выведвальнага самалёта А-50У Мікалаем Швяцом. Аднак расказаў, што на сёньняшні дзень у Беларусі сем грамадзян Украіны арыштаваныя за шпіянаж і доступу да іх няма:
«Сваякі і мы стараемся неяк да іх дабрацца, але калі ўзяўся КДБ, то не пускаюць нават консула і прызначаюць свайго адваката, які нічога не гаворыць», — адзначыў Кізім.
Лукашэнка 7 сакавіка расказаў пра затрыманьне «тэрарыста ўкраінскіх спэцслужбаў і ягоных памагатых», якія маюць дачыненьне да спробы дывэрсіі ў дачыненьні да самалёта А-50 на аэрадроме ў Мачулішчах. Пазьней у гэты ж дзень дзяржаўная тэлевізія паказала кадры затрыманьня і допыту галоўнага падазраванага, грамадзяніна Ўкраіны Мікалая Швеца. Мужчына заявіў, што ён з дапамогай двух дронаў падарваў самалёт, працаваў разам з СБУ.