Лінкі ўнівэрсальнага доступу

SkyNews: Іран пастаўляе Расеі мільёны патронаў і сотні тысяч снарадаў


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Стала вядома, што ўлады Ірану таемна паставілі Расеі вялікую партыю боепрыпасаў для вайны ва Ўкраіне і плянуюць прадоўжыць пастаўкі, перадае брытанскі тэлеканал Sky News са спасылкай на ананімную крыніцу ў спэцслужбах.

Як піша «Настоящее время», крыніца тэлеканала сьцьвярджае, што гаворка ідзе пра пастаўкі для Расеі 100 мільёнаў патронаў калібрам 5,56 мм, 7,62 мм, 9 мм, 12,7 мм і 14,5 мм. Таксама Іран адгрузіў РФ каля 300 тыс. снарадаў, у тым ліку 107-мм супрацьтанкавыя ракеты і мінамётныя міны калібрам 60 мм, 81 мм і 120 мм, а таксама артылерыйскія снарады калібрам 130 мм, 122 мм і 152 мм. Акрамя таго, Іран перадаў Расеі каля 10 тысяч бронекамізэлек і касак.

Вайсковы груз, паводле зьвестак крыніцы Sky News, перапраўлялі ў Расею Касьпійскім морам. 10 студзеня грузавыя караблі Musa Jalil і Begey пад сьцягам РФ адправіліся з іранскага порта. На іх борце было каля 200 транспартных кантэйнэраў са зброяй. 12 студзеня судны зайшлі ў адзін з партоў Туркмэністану, а потым перасеклі Касьпійскае мора і 27 студзеня прыбылі ў порт Астрахані.

Па словах крыніцы, Масква расплацілася з Тэгеранам за пастаўку боепрыпасаў гатоўкай для абыходу санкцый. «Расея працягвае выкарыстоўваць Іран у якасьці «тылавой базы», — сказаў суразмоўца Sky News.

Увосень мінулага году Sky News паведамляў, што Расея перадала Ірану 140 млн эўра наяўнымі грашыма і захопленую на вайне ва Ўкраіне зброю ў абмен на пастаўку дронаў-камікадзэ.

Іран, у сваю чаргу, таксама атрымлівае ад Расеі зброю і вайсковыя тэхналёгіі. Так, у сярэдзіне студзеня гэтага году чалец камітэту іранскага парлямэнту па нацыянальнай бясьпецы і зьнешняй палітыцы Шахрыяр Хейдары заявіў, што Іран у сакавіку разьлічвае атрымаць ад Расіі зьнішчальнікі Су-35. Частку зьнішчальнікаў мяркуецца разьмясьціць на тактычнай авіябазе, якая базуецца ў горадзе Ісфахан у цэнтры краіны. Паводле яго слоў, Іран таксама заказаў у Расеі сыстэмы СПА, ракетныя сыстэмы і гелікоптэры, большасьць зь якіх будуць атрыманыя бліжэйшым часам.

У пачатку лютага газэта The Wall Street Journal са спасылкай на свае крыніцы паведаміла, што Расея і Іран плянуюць запусьціць на расейскай тэрыторыі прадпрыемства па вытворчасьці бесьпілётнікаў іранскай распрацоўкі, падобных да тых, што армія РФ прымяняе пры ўдарах па Ўкраіне.

Вайсковае супрацоўніцтва Ірану і Расеі актывізавалася пасьля поўнамаштабнага ўварваньня РФ ва Ўкраіну. Паводле зьвестак украінскіх уладаў і шэрагу замежных выведак, Іран рэгулярна пастаўляе Расеі робаты-камікадзэ, якія ў далейшым выкарыстоўваюцца для атакі на Ўкраіну. Расейскі бок афіцыйна абвяргаў гэтыя абвінавачаньні. Аднак прадстаўнік Грамадзкай рады пры Мінабароны РФ прагаварыўся аб выкарыстаньні іранскай зброі падчас прамога эфіру на тэлеканале РБК. Пазьней Іран прызнаў, што пастаўляў Расеі бесьпілётнікі. ЗША, ЭЗ і Вялікая Брытанія ўвялі санкцыі супраць іранскага вытворцы дронаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG