Афіцыйны Сэул упершыню ўхваліў пастаўку Ўкраіне з Польшчы гаубіц Krab з паўднёвакарэйскімі кампанэнтамі, паведамляе агенцтва Reuters.
Польскія гаўбіцы вырабляе кампанія Huta Stalowa Wola. Яна падпісала кантракт на вытворчасьць паўднёвакарэйскіх шасі ў Польшчы з кампаніяй Samsung Techwin у 2014 годзе.
Варшава абвясьціла пра пастаўку Krab для ўкраінскай арміі ў траўні летась. Паўднёвая Карэя тады афіцыйна не пацьвярджала, што дала дазвол на рээкспарт зброі са сваімі кампанэнтамі.
Раней прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў, што адносіны Масквы і Сэула будуць разбураныя, калі Паўднёвая Карэя адправіць Кіеву ўзбраеньне. Прэзыдэнт Паўднёвай Карэі Юн Сок Ёль у адказ паведаміў, што Сэул аказвае Ўкраіне толькі гуманітарную дапамогу.
Прадстаўнік праграмы абаронных закупак Паўднёвай Карэі падкрэсьліў, што непасрэдна зброю Ўкраіне ўрад па-ранейшаму не перадае.