Яны памерлі ў шпіталі, паведамляе Міністэрства аховы здароўя. Такім чынам, колькасьць ахвяр лабавога сутыкненьня вырасла да 13.
«Нягледзячы на ўсе намаганьні лекараў БХМД (Бальніца хуткай мэдыцынскай дапамогі) і Менскага навукова-практычны цэнтру хірургіі, трансплянталёгіі і гематалёгіі, выратаваць жыцьці двух пацярпелых у аварыі паблізу горада Смалявічы, на жаль, не ўдалося», — гаворыцца ў паведамленьні Міністэрства здароўя Беларусі.
Мэдыкі працягваюць барацьбу за жыцьцё сямі пацярпелых.
20 лютага на 9-м км аўтадарогі Р-69 (Смалявічы—Шацк) у Менскай вобласьці адбылося лабавое сутыкненьне грузавога аўтамабіля «МАЗ» з маршрутным таксі.
Агулам на сёньня вядома пра 13 загінулых, у тым ліку дваіх непаўналетніх (13 і 14 гадоў).
Сьледчы камітэт завёў крымінальную справу па ч. 3 арт. 317 КК (парушэньне правілаў дарожнага руху, якое прывяло па неасьцярожнасьці да сьмерці дзьвюх і больш асоб). 22 лютага прэс-служба СК паведаміла аб затрыманьні кіроўцы грузавіка.
Пасьля аварыі транспартная інспэкцыя Мінтрансу і Дзяржаўтаінспэкцыя заявілі аб намеры праверыць выкананьне ў маршрутных таксі правілаў перавозкі і бясьпекі пасажыраў. МУС прапанавала зьмяніць правілы перавозкі пасажыраў.