«Калі расейцы пачнуць перадысьлякацыю сіл, якія зараз трымаюць за Ўралам, ну тады небясьпека зьявіцца. Гэта значыць, трэба быць асьцярожнымі ў прагнозах», — сказаў ён.
18 лютага ўкраінская выведка заявіла, што Менск спрабуе ўстрымацца ад далучэньня да вайны супраць Украіны, нягледзячы на ціск Расеі. Прадстаўнік галоўнага ўпраўленьня выведкі ўкраінскага Міністэрства абароны Андрэй Чарняк сказаў:
«Мы таксама бачым, наколькі Расея на іх цісьне. Паводле ацэнак вайсковай выведкі Ўкраіны, беларускія вайскоўцы будуць вымушаны падпарадкавацца загадам Лукашэнкі, і іх могуць прыцягнуць да ўварваньня. Але ў наступныя два-тры тыдні ні сіл, ні сродкаў для ўварваньня з тэрыторыі Беларусі ў расейцаў ня зьявіцца».
16 лютага Аляксандар Лукашэнка на сустрэчы з замежнымі журналістамі ў Менску заявіў, што «гатовы разам з расейцамі ваяваць» зь беларускай тэрыторыі супраць Украіны. Паводле яго, гэта адбудзецца ў тым выпадку, калі «хоць адзін салдат прыйдзе на тэрыторыю Беларусі забіваць маіх людзей».
У той жа час Лукашэнка запэўніў, што ня хоча вайны і «ні ў якім разе» не зьбіраецца ўводзіць свае войскі ва Ўкраіну. Ён сьцьвярджае, што Масква ніколі не прасіла Менск уступіць у вайну супраць Украіны.
- Лукашэнка неаднаразова заяўляў, што Беларусь удзельнічае ў «спэцыяльнай ваеннай апэрацыі» ва Ўкраіне, усяляк падтрымліваючы Расею, але «нікога не забіваючы». Гэтым тэрмінам расейскае кіраўніцтва называе поўнамаштабную вайну супраць украінскага народу, якую РФ пачала 24 лютага 2022 году.
- Улады ў Менску пастаянна адмаўляюць удзел беларускай арміі ў баявых дзеяньнях на баку РФ, у той жа час тэрыторыя Беларусі з пачатку ўварваньня, а таксама ў асобныя пэрыяды пазьней актыўна выкарыстоўвалася расейскай арміяй для нанясеньня ўдараў па Ўкраіне. Летась у ліпені Лукашэнка публічна прызнаў уварваньне 20-тысячнага кантынгенту расейскіх войскаў з тэрыторыі Беларусі.