Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Расеі заявілі пра «ўкраінскіх дывэрсантаў» у Бранскай вобласьці. У Кіеве кажуць, што магчымыя правакацыі

абноўлена

Скрыншот зь відэа з байцамі нейкага «Расейскага добраахвотніцкага корпусу»
Скрыншот зь відэа з байцамі нейкага «Расейскага добраахвотніцкага корпусу»

Улады Бранскай, Курскай і Тульскай абласьцей Расеі паведамілі пра абстрэлы рэгіёнаў нібыта з Украіны.

Улады трох рэгіёнаў Расеі абвінавацілі Ўкраіну ў абстрэлах рэгіёнаў. Паводле іх заяваў, у Бранскай і Курскай абласьцях ёсьць загінулыя і параненыя.

У паведамленьнях расейскіх СМІ аб тым, што адбываецца, шмат недакладнасьцяў, часам яны супярэчаць адзін аднаму. Расейскія агенцтвы ТАСС і РІА Новости са спасылкай на крыніцы ў сілавых структурах паведамілі, што дывэрсанты нібы ўзялі ў закладнікі некалькіх чалавек у сяле Любечане Клімаўскага раёну Бранскай вобласьці. Таксама шэраг расейскіх СМІ сьцьвярджаў пра бой у вёсцы Сушаны.

Пры гэтым улады Бранскай вобласьці адмаўляюць як узяцьце закладнікаў, так і абстрэл школьнага аўтобуса, пра які некаторыя СМІ паведамлялі раней. Яны, аднак, пацьвярджаюць баявыя сутыкненьні ў вёсцы Сушаны.

Паводле губэрнатара Бранскай вобласьці Аляксандра Багамаза, на тэрыторыю вобласьці нібыта пракралася «ўкраінская дывэрсійна-выведвальная група» і абстраляла аўтамабіль, у выніку чаго загінуў адзін мясцовы жыхар, паранены быў 10-гадовы хлопчык. Ён таксама паведаміў пр атаку бесьпілётнікаў на Клімаўскі раён, у выніку якога у вёсцы Сушаны загарэўся жылы дом.

Паводле зьвестак «Базы», у Сушанах узарвалі электрападстанцыю і газавую станцыю. Афіцыйнага пацьверджаньня гэтаму паведамленьню няма.

Тэлеграм-канал «Осторожно, новости» са спасылкай на жыхароў Бранскай вобласьці піша, што страляніна ў раёне сапраўды была, «працавала артылерыя і былі чуваць аўтаматныя чэргі». Таксама паведамляецца, што «былі чуваць выбухі».

У гэты ж час выбух прагрымеў у пасёлку Беразоўскі Тульскай вобласьці. Як паведамляе РІА «Новости», улады пацьвердзілі інфармацыю аб тым, што за 600 мэтраў ад пасёлка выяўлена яма глыбінёй паўмэтра, якая ўтварылася ў выніку выбуху. Пацярпелых няма. Мясцовыя жыхары, як паведамляе «Тульская служба новостей», мяркуюць, што выбухнуў бесьпілётнік.

Зьявілася відэа з «Расейскім добраахвотніцкім корпусам» на Браншчыне

Пазьней у сацсетках зьявілася відэа людзей са зброяй, якія нібыта знаходзяцца на тэрыторыі Расеі. На іх людзі, апранутыя ў камуфляжную форму, сьцьвярджаюць, што яны зьяўляюцца байцамі нейкага «Расейкага добраахвотніцкага корпусу» і перайшлі мяжу Расейскай Фэдэрацыі, каб «вызваліць родную зямлю».

Яны сьцьвярджаюць, што змагаюцца на баку Ўкраіны з рэжымам Уладзіміра Пуціна і не ваююць зь мірнымі жыхарамі.

Відэа запісана на фоне шыльды ФАПа ў вёсцы Любячаны Бранскай вобласьці.

Баец «Расейскага добраахвотніцкага корпусу» расказаў выданьню «Важные истории», што яго група заходзіла на тэрыторыю Бранскай вобласьці.

«Я толькі што адтуль. Нас на гэтай задачы было 45 чалавек. Зайшлі, зьнялі, зрабілі засаду на дзьве БМП. Дзяцей пацярпелых я ня бачыў. Але быў адзін пацярпелы памежнік. Ніякіх закладнікаў ня бралі», — сказаў удзельнік «Расейскага добраахвотніцкага корпусу» на ўмовах ананімнасьці.

Рэакцыя ў Кіеве: магчымыя правакацыі

У Памежнай службе Ўкраіны і ў Апэратыўным камандаваньні «Поўнач» УСУ паведамілі, што ня маюць інфармацыі пра нібыта «ўкраінскія ДРГ» у Бранскай вобласьці. Ва УСУ нагадалі пра магчымыя правакацыі для дыскрэдытацыі Сіл абароны Ўкраіны.

Так, дарадца кіраўніка Офіса прэзыдэнта Ўкраіны Міхайла Падаляк назваў сытуацыю ў Бранскай вобласьці «клясычнай правакацыяй».

«Гісторыя пра ўкраінскія ДРГ у Расеі — гэта клясычная правакацыя. Цалкам сьвядомая. Расея хоча запалохаць сваіх, каб за год вайны хоць неяк апраўдаць напад на іншую краіну і беднасьць, якая расьце. Між тым партызанскі рух у Расеі становіцца больш моцным і агрэсіўным. Бойцеся сваіх партызанаў», — напісаў ён у твітары.

У Галоўным упраўленьні выведкі Ўкраіны назвалі падзеі ў Бранскай вобласьці «працягам трансфармацыі Расеі, яе ачышчэньнем»:

«РФ сёньня зьяўляецца такім утварэньнем, унутры якога ёсьць вялікая колькасьць міжнацыянальных, міжэтнічных, міжрэлігійных, сацыяльна-палітычных і іншых канфліктаў. Магчыма, расейцы пачынаюць прачынацца, усьведамляць нешта і рабіць нейкія канкрэтныя захады», — заявіў прадстаўнік украінскай выведкі ў інтэрвію тэлеканалу «Громадське».

23 лютага ў штабе апэратыўнага камандаваньня Ўзброеных сіл Украіны «Поўнач» заявілі, што выведка зафіксавала рух калён вайсковай тэхнікі ў раёне мяжы з Чарнігаўскай вобласьцю. У ПЦ «Поўнач» тады адзначалі, што расейскія вайскоўцы, магчыма, рыхтуюць правакацыі да гадавіны поўнамаштабнага ўварваньня, каб абвінаваціць украінскі бок у парушэньні тэрытарыяльнай цэласнасьці.

Пуцін скасаваў паездку ў Стаўрапаль і назваў выпадак на Браншчыне «тэрактам»

Уладзімір Пуцін у сувязі з сытуацыяй у Бранскай вобласьці не паедзе ў Стаўрапольскі край, як было заплянавана раней, заявіў яго прэс-сакратар Дзьмітрый Пяскоў.

Пуцін назваў «тэрактам» тое, што адбылося 2 сакавіка ў Бранскай вобласьці:

«[Яны] праніклі на прымежную тэрыторыю і адкрылі агонь па цывільных асобах, бачылі, што там цывільная машына. Бачылі, што там сядзяць дзеці. Адкрылі агонь. Вось менавіта такія людзі і ставяць перад сабой задачу пазбавіць нас гістарычнай памяці, пазбавіць нас сваёй гісторыі, пазбавіць нас сваіх традыцый, мовы»,— сказаў Пуцін падчас наўпростай відэасувязі з Пяцігорскам.

Выданьне «Вёрстка» са спасылкай на крыніцу сярод сілавікоў піша, што зараз «праводзіцца экстранае пасяджэньне Савету бясьпекі» наконт сёньняшніх падзей у Бранскай вобласьці.

Радыё «Маяк» паведамляе, спасылаючыся на свае крыніцы ў Дзярждуме, што Пуцін «у найбліжэйшыя гадзіны» правядзе экстранае пасяджэньне Савету бясьпекі.

Прэсавы сакратар Пуціна Дзьмітрый Пяскоў пазьней абверг экстранае паседжаньне Савету Бяспекі Расеі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG