Альянс зоймецца выпрацоўкай стратэгіі і каардынацыяй дзеяньняў у адносінах да Беларусі, паведаміў BPN галоўны дарадца Ціханоўскай Франак Вячорка па выніках яе сустрэчы з дэпутатамі Эўрапарлямэнту, у тым ліку чальцамі дэлегацыі па Беларусі, 1 сакавіка ў Брусэлі.
Паводле Вячоркі, Сьвятлана Ціханоўская заклікала эўрадэпутатаў працягнуць падтрымку палітвязьняў, узяць удзел у дні салідарнасці зь Беларусьсю 25 сакавіка, а таксама не падтрымліваць, з аднаго боку, Лукашэнку, а з другога — «палітыку свабоднага крэсла», калі на месца прадстаўнікоў рэжыму не запрашаюць дэмакратычныя сілы, як, напрыклад, ва «Ўсходнім партнэрстве».
Таксама яна заклікала падтрымліваць кантакты з дэмакратычнымі партыямі Беларусі, якім пагражае ліквідацыя ў сувязі з новым рэпрэсіўным законам аб партыях.
На сустрэчы абмеркавалі пытаньні падтрымкі беларускай мовы, культуры, незалежных творчых работнікаў, якія зазналі перасьлед; спартоўцаў, якія выступілі супраць гвалту з боку ўлады і ўцяклі ад рэпрэсій.
Першага сакавіка ў цэнтры Брусэля адбылася цырымонія адкрыцьця прадстаўніцтва «За дэмакратычную Беларусь». Памяшканьне бясплатна даў урад Фляндрыі. Гэтая прастора дазваляе праводзіць культурныя імпрэзы, палітычныя сустрэчы, выставы.
Удзел у прэзэнтацыі ўзялі Сьвятлана Ціханоўская, міністарка замежных спраў Бэльгіі, прэзыдэнт Фляндрыі, эўрапейскія парлямэнтары, лідэры эўрапейскіх структур і міжнародных арганізацый, беларусы Бэльгіі.