Краіна – кандыдат у NATO Фінляндыя на фоне вайны Расеі супраць Украіны будуе на мяжы з РФ трохмэтровы плот працягласьцю 200 кілямэтраў, піша DW.
Першы ўчастак агароджы, працягласьцю тры кілямэтры, будзе ўзьведзены ў паўднёва-ўсходняй частцы краіны. Яшчэ 75 кілямэтраў пабудуюць да 2025 году. Кошт будаўніцтва ацэньваецца ў 380 млн эўра. Агульная працягласьць мяжы Фінляндыі з Расеяй складае 1300 км.
Трохмэтровы плот будзе аснашчаны калючым дротам, на некаторых участках усталююць камэры начнога бачаньня, ліхтары і гучнагаварыцелі. У Фінляндыі пабойваюцца, што Расея можа выкарыстоўваць мігрантаў у якасьці палітычнага рычага, як гэта было ў 2021 годзе ў Беларусі.
Міграцыйны крызіс на мяжы зь Беларусьсю
Улетку і ўвосень 2021 году ў Польшчы і краінах Балтыі разгарэўся міграцыйны крызіс: улады гэтых краін лічаць, што ён быў арганізаваны рэжымам Лукашэнкі. Улады Беларусі за грошы дастаўлялі тысячы мігрантаў з краін Блізкага Ўсходу ў Менск, а далей пад выглядам уцекачоў прывозілі іх на мяжу з краінамі ЭЗ, прапаноўваючы яе перайсьці.
Польшча, а таксама Літва і Латвія, былі вымушаныя ўвесьці ў раёнах уздоўж мяжы надзвычайнае становішча і пачалі ўзводзіць загароду.
Польшча пабудавала на мяжы зь Беларусьсю сьцяну вышынёй 5,5 мэтра і даўжынёй 186 кілямэтраў. Умацаваньне складаецца зь некалькіх ліній абароны і абсталявана сучаснымі электроннымі прыладамі, у прыватнасьці датчыкамі руху і камэрамі дзённага і начнога бачаньня.
Латвія на мяжы зь Беларусьсю будуе 173-кілямэтровую агароджу. Яе плянуюць завяршыць да 2024 году.
Рэагуючы на крызіс, Літва таксама пачала будаваць плот з калючым дротам уздоўж мяжы зь Беларусьсю, цяпер яго даўжыня 520 кілямэтраў.