Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пуцін падпісаў закон аб прыпыненьні ўдзелу Расеі ў ядзернай дамове з ЗША. Што гэта значыць


Новая расейская міжкантынэнтальная ракета «Сармат»
Новая расейская міжкантынэнтальная ракета «Сармат»

Прэзыдэнт РФ Уладзімір Пуцін у аўторак падпісаў закон аб прыпыненьні ўдзелу краіны ў ДСНУ — дамове з ЗША аб скарачэньні стратэгічных наступальных узбраеньняў.

Згодна з законам, рашэньне аб аднаўленьні ўдзелу Расеі ў пагадненьні можа прыняць кіраўнік дзяржавы. Закон уступае ў моц з дня яго афіцыйнага апублікаваньня.

Аб рашэньні прыпыніць удзел Расеі ў дамове Пуцін абвясьціў на мінулым тыдні ў пасланьні Фэдэральнаму сходу. Ужо на наступны дзень, 22 лютага, адпаведны законапраект адзінагалосна прыняла Дзярждума і ўхваліў Савет Фэдэрацыі.

Абгрунтоўваючы сваё рашэньне, Пуцін сьцьвярджаў, што «заходнія эліты не хаваюць мэты нанесьці Расеі стратэгічную паразу, скончыць зь ёй раз і назаўжды». «Яны яшчэ хочуць і аглядаць нашы абаронныя аб’екты. У сучасных умовах сёньняшняга супрацьстаяньня гэта гучыць як нейкае трызьненьне проста», — падкрэсьліваў Пуцін.

Прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн назваў рашэньне расейскага прэзыдэнта па ДСНУ «вялікай памылкай». У той момант Байдэн знаходзіўся з візытам у Польшчы. Раней дзяржсакратар ЗША Энтані Блінкен ахарактарызаваў крок Пуціна як «прыкры і безадказны». Паводле слоў Блінкена, ЗША будуць сачыць за рэальнымі дзеяньнямі Расеі ў гэтай галіне і заўсёды гатовы вярнуцца да перамоваў аб абмежаваньні ўзбраеньняў.

  • ДСНУ, таксама вядомы як СНУ-3 ці New START, быў заключаны паміж ЗША і Расеяй у 2010 годзе і павінен быў, пасьля прадаўжэньня, дзейнічаць да 2025 года. Ён устанаўлівае, у прыватнасьці, межы стратэгічных ядзерных арсэналаў дзьвюх краінаў, забараняе краінам разьмяшчаць стратэгічную ядзерную зброю за межамі сваіх тэрыторыяў, абавязвае не хаваць ядзерныя ракеты ад сродкаў разьведкі і даваць доступ інспэктарам адзін аднаго на базы з ядзернай зброяй.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG