«Расейцы зноў абстралялі Херсон. У выніку абстрэлу адбылося разбурэньне прыватнага жылога дома. Ёсьць пацярпелая. Таксама вядома пра загінулага чалавека», — напісаў ён у Telegram. Іншых падрабязнасьцяў Андрэй Ярмак не прывёў.
Украінскія вайскоўцы вызвалілі Херсон ад расейскай акупацыі ў лістападзе 2022 году. Пасьля гэтага расейскія войскі пачалі артылерыйскія абстрэлы Херсона і падкантрольных украінскаму ўраду раёнаў вобласьці.
«Вельмі напружанай» застаецца сытуацыя ў раёне Бахмуту Данецкай вобласьці, паведаміў камандуючы Сухапутнымі войскамі Ўзброеных сіл Украіны, генэрал-палкоўнік Аляксандар Сырскі.
«Нягледзячы на істотныя страты, вораг кінуў у наступ найбольш падрыхтаваныя штурмавыя атрады „Вагнэра“, якія спрабуюць прарваць абарону нашых войскаў і ачапіць горад. У баях за Бахмут нашыя ваяры паказваюць шматлікія прыклады стойкасьці, мужнасьці і гераізму», — цытуе Сырскага прэс-служба Сухапутных войскаў Украіны.
Аб ускладненьні сытуацыі на Бахмуцкім кірунку напярэдадні ўвечары заявіў прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі.
Бахмут працягвае заставацца галоўным гарачым пунктам на ўкраінскім фронце. Спробы захапіць гэты горад расейскія войскі робяць зь ліпеня 2022 году, калі ім удалося акупаваць вялікую агламэрацыю ў суседняй Луганскай вобласьці (Севераданецк, Рубежнае, Лісічанск). Актыўны наступ з набліжаных да Бахмуту пазыцый расейскія вайскоўцы пачалі ў студзені 2023 году.
Ваенныя аналітыкі кажуць, што захоп Бахмута мае для Расеі хутчэй сымбалічнае значэньне, ён не істотны са стратэгічнага пункту гледжаньня.