Сакратар Рады нацыянальнай бясьпекі і абароны Ўкраіны Аляксей Данілаў заяўляў, што Беларусь акупаваная Расеяй.
Цяпер у інтэрвію Радыё Свабода ён патлумачыў, чаму Кіеў, тым ня менш, дагэтуль не разрывае дыпляматычных адносінаў з рэжымам Аляксандра Лукашэнкі.
— У адным з сваіх інтэрвію вы сказалі, што Расея фактычна акупавала Беларусь, але беларускі народ ня хоча ваяваць супраць Украіны. У прыватнасьці, вы заявілі эстонскаму выданьню: «Давайце будзем шчырымі: Беларусь акупаваная Расейскай Фэдэрацыяй, і яна была акупаваная даволі доўга ў эканамічным, палітычным і іншых сэнсах». Тады патлумачце лёгіку, чаму Ўкраіна дагэтуль не разарвала дыпляматычныя адносіны зь Беларусьсю, калі яна акупаваная Расеяй? Навошта гэта Кіеву? Што дае Ўкраіне і Кіеву прысутнасьць у Беларусі?
— Чалавек, які зараз мае пэўныя паўнамоцтвы на тэрыторыі Беларусі, ён так лічыць, ён кантралюе ўсю сытуацыю. Вы хочаце, каб мы правакавалі сытуацыю адносна пэўных працэсаў на тэрыторыі Беларусі сёньня? Я так ня думаю.
Мы разумеем усё, што адбываецца. Безумоўна, усе тыя працэсы, якія адбываюцца там, у Беларусі, — гэта пэўны выклік для нас. І вы павінны сьвядома разумець, што ў нас няма жаданьня, каб з тэрыторыі Беларусі аддавалі загады беларускім войскам уварвацца на нашую тэрыторыю. Мы робім усё магчымае, каб гэтага не адбылося.
І ў нас на кожным пасяджэньні Стаўкі гучыць даклад вярхоўнага галоўнакамандуючага пра сытуацыю на ўкраінска-беларускай мяжы. Сёньня там дысьлякаваныя каля 10 тысяч вайскоўцаў Расейскай Фэдэрацыі, якія трэніруюцца на палігонах, разьмешчаных на тэрыторыі Беларусі. Яны даюць ім такую магчымасьць. Але я яшчэ раз падкрэсьлю, што ў нас няма жаданьня, каб Беларусь і беларускае войска ўвайшлі разам з расейцамі на баку Расеі.
— Вы лічыце, што пакуль там прысутнічаюць украінскія дыпляматы, рызыка эскаляцыі зьніжаецца?
— Працэсаў, якія адбываюцца, шмат. Скажам, у Расеі шмат дыпляматаў зь іншых краінаў.