У студзені на тытунёвыя вырабы цэны ў сярэднім вырасьлі на 14,2% у параўнаньні са сьнежнем 2022-га, а на гарэлку — на 4,7%, паведамляе МАРГ. Гэта адбылося праз павышэньне ставак акцызаў з 1 студзеня, што прадугледжана іх гарманізацыяй з Расеяй, удакладняюць у ведамстве.
Стаўкі акцызаў на цыгарэты і алькаголь маюць намер падвышаць у Беларусі і сёлета, і ў наступныя гады — у 2024-м і 2025-м. Гэта прадугледжана дамовай паміж Беларусьсю і Расеяй пра ўскосныя падаткі.
Плянуецца, што стаўкі акцызаў на цыгарэты другой цэнавай катэгорыі зраўняюцца з расейскімі ўжо зь сёлетняга кастрычніка. Стаўкі на цыгарэты першай катэгорыі зраўняюцца да 2028 году, у канцы гэтага года яны будуць прыкладна на 35% ніжэйшыя, чым у РФ, а ў канцы 2024-га — прыкладна на 25%.
Кампанія «Тытунь-інвэст» павысіць з 1 сакавіка цэны на многія цыгарэты. Да прыкладу, на Camel Blue і Camel Yellow — на 30 капеек (да 4,65 рубля), на Winston Classic і Winston Blue — таксама на 30 капеек (да 5,5 рубля), на Winston XS Purple Mix — на 25 капеек ( да 5,25 рубля). Гродзенская тытунёвая фабрыка «Нёман», «Інтэр Табака» і «Беларусьгандаль» у наступным месяцы не плянуюць падымаць цэны на цыгарэты.ù