Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Інстытут вывучэньня вайны: NATO павінна сплянаваць стратэгію бясьпекі ў рэгіёне ў выпадку паглынаньня Расеяй Беларусі


Аляксандар Лукашэнка і Ўладзімір Пуцін
Аляксандар Лукашэнка і Ўладзімір Пуцін

Экспэрты амэрыканскага Інстытуту вывучэньня вайны заявілі, што стратэгічнай мэтай Расеі зьяўляецца паглынаньне Беларусі праз мэханізмы створанай раней «саюзнай дзяржавы».

«NATO павінна сур’ёзна сплянаваць імаверную будучую рэальнасьць на выпадак поўнага кантролю Расеі над Беларусьсю. Пуцін, хутчэй за ўсё, атрымае значныя посьпехі ва ўстанаўленьні расейскага кантролю над Беларусьсю, незалежна ад вынікаў ягонага ўварваньня ва Ўкраіну. Імаверныя посьпехі Расеі ў Беларусі ставяць перад Захадам пытаньне, як быць з патэнцыйным будучым ляндшафтам бясьпекі на ўсходнім флянгу NATO», — адзначаюць экспэрты ў сваёй справаздачы.

Паводле іх, калі Захад дазволіць Пуціну захаваць свае цяперашнія посьпехі ва Ўкраіне, асабліва ў Крыме і ўсходняй частцы Херсонскай вобласьці, то Крэмль зможа выкарыстаць акупаваныя беларускія і ўкраінскія тэрыторыі для далейшай пагрозы Ўкраіне і ўсходняму флянгу NATO.

«У якасьці альтэрнатывы Захад можа паставіць умовы для будучыні, у якой тэрытарыяльна цэласная Ўкраіна стане моцным вайсковым партнэрам у абароне ўсходняга флянгу NATO ад Расеі і акупаванай Расеяй Беларусі. Гэтая пераважная доўгатэрміновая будучыня абумоўлена неадкладнымі і трывалымі дзеяньнямі Захаду, каб даць Украіне магчымасьць выгнаць расейскія сілы са сваёй тэрыторыі. Вельмі малаімаверна, што Захад зможа перамагчы або эфэктыўна адказаць на расейскую кампанію па паглынаньні Беларусі, калі перад гэтым не перамогуць расейскае ўварваньне ва Ўкраіну», — пішуць у Інстытуце вывучэньня вайны.

Экспэрты інстытуту ня могуць пацьвердзіць сапраўднасьць апублікаванага раней дакумэнту аб паглынаньні Беларусі Расеяй да 2030 году, выкарыстоўваючы дамінаваную Крамлём структуру «саюзнай дзяржавы», яны лічаць, што гэта адпавядае праведзеным раней доўгатэрміновым дасьледаваньням ацэнак кампаній Крамля, накіраваных супраць Беларусі.

21 лютага журналісты-расьсьледнікі расказалі пра ўнутраны дакумэнт расейскіх уладаў пад назвай «Стратэгічныя мэты Расейскай Фэдэрацыі ў Беларусі». У расьсьледаваньні ўдзельнічаў кансорцыюм журналістаў з Süddeutsche Zeitung, WDR, NDR, Yahoo News, Delfi Eesti, цэнтру «Дасье», Expressen, Independent, Frontstory, «Беларускага расьсьледніцкага цэнтру» і VSquare.

Дакумэнт, арыгінал якога расьсьледнікі не апублікавалі, датуецца летам 2021 году і зьмяшчае 17 старонак. У ім пералічаны палітычныя, абаронныя, гандлёвыя і сацыяльныя мэты расейскіх уладаў у Беларусі. Яны падзелены на тры катэгорыі — кароткатэрміновыя (да 2022 году), сярэднетэрміновыя (да 2025 году) і далёкатэрміновыя (2030 год).

У дакумэнце прапісаныя наступныя задачы:

  • Рэформа Канстытуцыі і войска.
  • Гарманізацыя беларускіх законаў з расейскімі.
  • Энэргетычная інтэграцыя.
  • Убудова Беларускай АЭС у адзіную энэргетычную сыстэму, перанакіраваньне грузаў з балтыйскіх у расейскія парты.
  • Яшчэ адна мэта — уплыў Расеі ў сацыяльнай палітыцы, культуры і адукацыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG