Як паведамляе партал katolik.life, сьвятароў дапусьцілі з мэтай ацаніць маёмасьць парафіі, зьнішчаную ад узгараньня.
«З убачанага можам сказаць, што ў касьцёле цёпла, ёсьць гарачая і халодная вада (у плябаніі ўсё гэта адключана), у залі для набажэнства няма сьлядоў узгараньня, сажы і іншых бачных пашкоджаньняў. Агляд праведзены толькі ў сакрыстыі-канцылярыі, другі і трэці паверхі над сакрыстыяй патрабуюць дадатковага часу», — цытуе партал паведамленьне парафіі.
Тым часам Менгарвыканкам сьцьвярджае, што ў храме адключана электрычнасьць, цеплазабесьпячэньне і водазабесьпячэньне, і што ўсе гэтыя сыстэмы нібыта патрабуюць рамонтна-аднаўленчых работ. На гэтай падставе храм не адчыняюць для вернікаў. Ліст з такім паведамленьнем атрымалі парафіяне ў лютым за подпісам намесьніка старшыні выканкаму Арцёма Цурана.
У гэтым жа лісьце гаворыцца, што «рамонтна-аднаўленчыя работы праводзяцца ў рамках устаноўленых нормаў у адпаведнасьці з заканадаўствам», аднак тэрміны і віды работ па-ранейшаму не называюцца.
- Чырвоны касьцёл зачынены на рамонт пасьля пажару, які здарыўся ў ноч на 26 верасьня 2022 году. Была пашкоджаная маёмасьць на плошчы каля 20 кв. м, людзі не пацярпелі. Улады закрылі будынак да аднаўленьня пашкоджаных пажарам камунікацый і «атрыманьня вынікаў інструмэнтальных дасьледаваньняў будаўнічых канструкцый».
- 6 кастрычніка ўлады скасавалі дамову бязвыплатнага карыстаньня будынкам касьцёла. 14 кастрычніка стала вядома, што ўлады забаранілі парафіі адпраўляць службы ў плябаніі, а 9 лістапада — у асобных памяшканьнях і дворыку касьцёла.
- 1 сьнежня курыя Менска-Магілёўскай архідыяцэзіі прызначыла ксяндза Юрыя Санько адміністратарам парафіі ў пытаньнях рамонту і рэстаўрацыі, ксёндз Уладзіслаў Завальнюк застаўся пробашчам. Грамаду парафіі Св. Сымона і Алены часова разьмеркавалі ў архікатэдральны касьцёл Найсьвяцейшай Панны Марыі.
- Чырвоны касьцёл мае статус гісторыка-культурнай каштоўнасьці Беларусі і афіцыйна належыць дзяржаве. У 2013 годзе яго перадалі ва ўласнасьць Менску. Парафія Сьв. Сымона і Алены займала будынак касьцёла і дом сьвятара на падставе дамовы аб бязвыплатным карыстаньні, заключанай з прадпрыемствам «Менская спадчына».
- Некалькі гадоў таму гарадзкія ўлады заявілі, што ў парафіі назьбіралася істотная запазычанасьць па зямельным падатку, падатку на нерухомасьць і амартызацыю. Паводле інфармацыі ініцыятывы «Хрысьціянская візія», пасьля інцыдэнту парафію прымусілі пагасіць запазычанасьць — у якасьці адной з умоваў аднаўленьня эксплюатацыі касьцёла.